Студэнты Віцебскага дзяржаўнага універсітэту імя П. М. Машэрава выступілі супраць датэрміновага галасаваньня.
Меркаваньні адносна ўдзелу ў папярэднім галасаваньні студэнты выказалі ў адкрытым лісьце студэнтаў 43-й групы факультэта беларускай філалогіі і культуры УА “Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П. М. Машэрава” дэкану факультэта сп. Несцяровічу В. І.
УА “Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П. М. Машэрава” дэкану факультэта сп. Несцяровічу В. І.
Мы, студэнты 43-й групы, з’яўляючыся свядомымі грамадзянамі суверэннай і дэмакратычнай краіны – Рэспублікі Беларусь – і ўсведамляючы значнасць сённяшняга моманту грамадска-палітычнага жыцця рэспублікі – правядзенне рэспубліканскага рэферэндума і выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, – на савеце групы абмеркавалі некаторыя аспекты прававых, заканадаўчых і нарматыўных актаў, міжнародных дакументаў у вобласці правоў чалавека. У прыватнасці, мы звярталіся да Канстутыцыі Рэспублікі Беларусь, Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
У выніку абмеркавання, праведзенага пасля азнаямлення з вышэйпрыведзенымі дакументамі, мы вызначылі, што адным з галоўных прынцыпаў дэмакратычных выбараў з’яўляецца прынцып свабодных выбараў, які азначае, што выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць (арт. 65 Канстытуцыі). Таксама з гэтага прынцыпа вынікае, што ніхто не мае права аказваць уздзеянне на грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з мэтай прымусіць яго да ўдзелу ці няўдзелу ў выбарах, а таксама на яго волевыяўленне.
Зыходзячы з вышэйпрыведзенага, мы так акрэсліваем сваю грамадзянскую пазіцыю:
1. Выбары і рэферэндум – важнейшая падзея ў грамадска-палітычным жыцці краіны, вызначыць сваю пазіцыю адносна якой – грамадзянскі абавязак кожнага з нас;
2. Кожны з нас будзе галасаваць на выбарах і рэферэндуме ў вызначаны тэрмін (датэрмінова ці непасрэдна ў дзень выбараў) альбо не будзе прымаць удзел у іх; ва ўсялякім выпадку, гэта наша законнае права, якое мы хочам свядома і ў адпаведнасці з уласным сумленнем выкарыстаць.
Пад лістом падпісаліся 12 чалавек.
www.sapega.org