У Нясьвіжы за фатаграфаваньне затрыманыя незалежныя журналісты
Каля будынку суду ў Нясьвіжы, дзе адбываецца судовы разгляд крымінальнай справы над моладзевай актывісткай Настай Азаркай, якую абвінавачваюць ва ўдзеле ў дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі "МФ", супрацоўнікі міліцыі пачалі хаваць хлопцаў у футболках з надпісам "Малады Фронт". Незалежныя журналісты Сяргей Сыс і Уладзімір Грызін, які фатаграфавалі спробы затрыманьня, самі сталі "ахвярамі" сілавікоў. Супрацоўнікі праваахоўных органаў суправадзілі іх у мясцовы РАУС, які знаходзіцца побач з судом, дзеля разбіральніцтва.
Увогуле, у адрозьненьне ад Салігорску, судовае паседжаньне ў Нясьвіжы праходзіць пакуль што мірна. Выдзелена вялікая зала, у якой зьмясьцілася каля 50 чалавек, яшчэ каля 30 салідарных з моладзевай актывісткай чакае вынікаў разгляду справы на вуліцы. Будынак суду ацэплены міліцыянтамі, па суседству - у РАУСе - дзяжураць супрацоўнікі ПМСП.