viasna on patreon

Моладзь далучаецца да Эўрапейскага маршу

2007 2007-08-28T15:59:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh.jpg

Дэмакратычныя моладзевыя арганізацыі Беларусі падтрымліваюць ідэю правядзеньня Эўрапейскага Маршу й возьмуць у ім самы актыўны ўдзел. Пра гэта было заяўлена сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі, што адбылася ў сядзібе Партыі БНФ. Асноўнымі ў часе маршу будуць лёзунгі аб эўрапейскім выбары Беларусі й памкненьні краіны далучыцца да цывілізаванай сямьі эўрапейскіх народаў. Але ня толькі.

На пачатку сустрэчы з журналістамі моладзевыя актывісты адрэагавалі на ўчорашняе інтэрв’ю Інтэрфаксу расейскага амбасадара Аляксандра Сурыкава, які ня выключыў разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскай ядравай зброі. Паводле актывіста руху «Джынс – за свабоду!», сябра аргкамітэту Эўрапейскага Маршу Яўгена Афнагеля, гэта вымагае арганізатараў акцыі дадаць новыя лёзунгі – «Не – расейскім вайсковым базам!» і «Не – расейскай ядравай зброі!». Паколькі расейскі МЗС і расейскае кіраўніцтва ў цэлым ніяк не адрэагавалі на такую заяву свайго амбасадара, паводле меркаваньня Яўгена Афнагеля, можна зрабіць выснову, што словы расейскага дыплямата варта разглядаць як афіцыйную пазыцыю Масквы. Пасьля гэтых словаў маладога палітыка ўдзельнікі прэсканфэрэнцыі ўсталі й разарвалі партрэты расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.

Як адзначыў моладзевы актывіст Мікіта Сасім, моладзь будзе ўдзельнічаць у Эўрапейскім Маршы таму, што: «мы хочам езьдзіць у эўрапейскія краіны бязь візаў, мы хочам навучацца ў эўрапейскіх навучальных установах, мы хочам, каб дыплёмы беларускіх ВНУ прызнаваліся ў Эўропе. Мы хочам мець магчымасьць свабодна казаць тое, аб чым думаем і пра што марым. Мы хочам быць упэўненыя ў заўтрашнім дні. Мы хочам быць эўрапейцамі й ганарыцца сваёй краінай. Таксама мы йдзем на Эўрапейскі марш дзеля нашых бацькоў, дзеля дабрабыту старэйшага пакаленьня».

Прадстаўнік арганізацыі «Маладыя дэмакраты» Міхась Пашкевіч заклікаў у дзень правядзеньня Эўрапейскага Маршу праявіць салідарнасьць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі дэмакратаў далёкага й блізкага замежжа, у тым ліку й Расеі. Міхась Пашкевіч таксама паведаміў, што дэмакратычныя моладзевыя арганізацыі змабілізуюць сваіх рэгіянальных сябраў да ўдзелу ў менскай акцыі.

У Эўрапейскім Маршы будуць удзельнічаць такія моладзевыя арганізацыі як «Моладзь БНФ», «Маладыя дэмакраты», «Вольная моладзь», «Малады фронт» ды іншыя. Акцыя мае адбыцца 14-га кастрычніка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства