Cуд апраўдаў Насту Азарку, Алеся Жукава і Арцёма Дубскага
Актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Насту Азарку, Алеся Жукава і старшыню Асіповіцкай філіі "Моладзі БНФ" Арцёма Дубскага, якіх затрымалі ў Нясвіжы ўначы 25 жніўня, вінавацілі ў дробным хуліганстве. Падставай для абвінавачаньня стаў надпіс на плоце, які напісалі маладафронтаўцы: “Беларусь – гэта сьвятое”. Міліцыянты сьцьвярджалі, што гэты выраз ёсьць абразай грамадства. Аднак адвакат Аляксандр Галіеў пераканаў суддзю Дзьмітры Гвазда ў тым, што знявага і абраза ў гэтым выразе адсутнічаюць. Акрамя таго, адвакат спасылаўся на норму новага Адміністратыўнага Кодэксу, па якой меў месца адміністратыўны саўдзел, што ў пратаколах не было адлюстравана належным чынам.
Такім чынам, падчас разгляду адміністрацыйных спраў на затрыманых маладафронтаўцаў у судзе Нясвіжскага раёну не знайшлося доказаў складу правапарушэньня.
Пратакол на непаўнагадовую актывістку Насту Палажанку, якая таксама брала ўдзел у моладзевай акцыі , накіраваны на разгляд адміністратыўнай камісіі па месцы жыхарства.
Між тым, як паведаміла прэсавая служба Моладзі БНФ, міліцыя вечарам 27 жніўня спрабавала справакаваць аднаго з актывістаў. Паведамляе Арцём Дубскі: “Мы адыйшлі літаральна 150 крокаў ад будынку Нясьвіскага РАУС. За намі ехала міліцэйская машына Жыгулі № 1545 МО. Міліцыянты правакавалі нас, зьдзекваліся. Адзін актывіст сказаў ім: "Адчапіцеся, мы йдзем дадому". Супрацоўнікі міліцыі схапілі хлапца, зацягнулі ў машыну й павезьлі ў супрацьлеглы бок". Яго даставілі ў мясцовы РАУС, дзе юнаку было загадана тэрмінова пакінуць Нясвіж разам з астатнімі актывістамі. Маўляў, на гэта ёсць загад КДБ.
Такая вось выбарчая свабода перамяшчэньня.