Чарнобыльскі ліквідатар Васіль Сіліверст абвясьціў галадоўку
Чарнобыльскі ліквідатар з Калінкавічаў Васіль Сіліверст, які знаходзіцца цяпер у Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнай медыцыны й экалёгіі чалавека ў Гомелі, абвясьціў, што адмаўляецца надалей прымаць ежу.
Гэта было зроблена ў 17 гадзін 17 хвілін на паседжаньні навукова-медычнай рады цэнтру пасьля таго, як спадару Сіліверсту ў чарговы раз аб’явілі, што ня могуць зьвязаць ягоныя захворваньні ды інваліднасьць з удзелам у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.
Ад старшага лейтэнанта запасу Сіліверста ў чарговы раз запатрабавалі дадатковыя дакумэнты з вайсковай часьці, якая разьмяшчалася ва Ўкраіне за 14 кілямэтраў ад ЧАЭС, куды ў 1988 годзе прызвалі з запасу Васіля Сіліверста, як і многіх іншых беларусаў, дзеля дэзактывацыі тэрыторыі й вайсковай амуніцыі.
“Патрабаваньне дадатковых дакумэнтаў – гэта звычайная валакіта. Летась, калі я праходзіў рэабілітацыю ў цэнтры, я прывёз сюды ўсе наяўныя дакумэнты пра шасьцімесячную службу й працу ў чарнобыльскай зоне. Я не разумею, што важней – жывы чалавек зь ягонымі хваробамі ці нейкая дадатковая даведка з вайсковай часткі, якой даўно няма”, – сказаў чарнобыльскі ліквідатар.