Пан-Эўропа - утопія ці рэальнасьць?
Эўропа ад Атлантычнага акіяна да Ўрала, ад Паўночна-Ледавітага акіяна да Басфора. Эўропа без Расеі, Велікабрытаніі й Турцыі. Гэта далёка ня плян чарговага саміта Эўразьвязу. Гэта погляд прыхільнікаў руху пан-эўрапеізму, якія маюць сваіх прадстаўнікоў і на Беларусі. У Менску яны празэнтавалі першае ў нашай краіне выданьне кнігі “Пан-Эўропа” Рыхарда Нікаласа фон Кудэнховэ-Калергі.
Прарок Рыхард
Рыхарда Нікаласа фон Кудэнховэ-Калергі называюць ня толькі пачынальнікам руху пан-эўрапеізму, але й прарокам. Цікава, што Рыхард нарадзіўся ў Японіі (маці была японкай, а бацька з Аўстрыі), а ўсё жыцьцё прысьвяціў змаганьню за аб’яднаную Эўропу. Сваю першую працу Рыхард напісаў яшчэ ў 1923 годзе, дзе прадказаў прыход да ўлады Гітлера і яго правал. Апроч таго, пяру гэтага чалавека належаць творы “Таталітарная дзяржава - таталітарны чалавек”, “Сталін і Co” і інш.
За “прарокам” пайшлі людзі. Прыхільнікаў поглядаў Кудэнховэ-Калергі вельмі шмат. Сярод знакамітых асобаў варта назваць А. Брыяна, У.Чэрчыля, Ш.дэ Голя, Т.Мана, Ст.Цвейга, З.Фройда і інш.
Што цягнула ўсіх гэтых людзей? Простыя, на першы погляд, прынцыпы.
“Кожная вялікая гістарычная падзея пачыналася як утопія, а сканчвалася як рэальнасьць”
Прагай усяго пан-эўрапеізму зьяўляецца імкненьне да стварэньня моцнай адзінай канкурэнтаздольнай Эўропы. Эўропы бязь межаў, бо яны, на думку пан-эўрапеістаў, парушаюць свабоду грамадзян. Эўропы з адзіным рынкам гандлю.
Самы вялікі вораг пан-эўрапэізму - дзяржава, як грамадзкі інстытут. Што тычыцца палітычных партый, што тут няма месца для нацыстаў, камуністаў і сацыялістаў.
Асноўнай мовай зносін абрана ангельская. Аднак тут узьнікае супярэчлівасьць: а як жа права нацый на самавызначэньне?
Пан-эўрапеісты тактоўна кажуць, што нацыянальныя традыцыі не зьнішчаюцца, яны застаюцца для кожнага грамадзяніна, але на іх не акцэнтуецца ўвага.
Велікабрытанію й Турцыю не бяром, а Расею дык дакладна!
Як бы не хацела сучасная Турцыя ў Эўразьвяз, былі б пры ўладзе пан-эўрапеісты - нават пытаньня пра гэта не стаяла. Турцыю ў Эўропе пан-эўрапеісты ня бачаць, як і Велікабрытанію. За што пакрыўдзілі старушку Брытанію? Ня могуць дараваць ёй ўладараньня над сваімі калёніямі.
А вось ўнёсак Расеі ў эўрапэйскія справы цэняць, але й ЭГСам Расея ня выйшла (насамрэч, не прымаць жа ў Эўропу частку да Ўрала?). Апроч таго, старшыня Аўстрыйскага пан-эўрапейскага руху спадар Райнхард Ключык, завяіў:
- Расея заўсёды больш праводзіла азіяцкую палітыку. Таму Беларусь можна лічыць усходняй мяжой пан-Эўропы.
Эўрапейская Канстытуцыя - зьмененыя ідэі пан-эўрапеізму
Эўразьвяз аніяк ня можа прыняць адзіную Канстытуцыю. “З-за таго, што, абраўшы наш праэкт, яны моцна зьмянілі яго”, - лічаць пан-эўрапеісты.
- Яны зьмінілі тэкст, дзе адзначылі, што дзяржава, а не людзі зьяўляецца асновай дадзенай Канстытуцыі. Гэта крок назад, які мы ня можам прыняць, - кажа Райнхард Ключык.
Хочаш у Эўропу - зрабі гэта сам.
Наша краіна пакуль у кандыдатах у кандыдаты ў Эўразьвяз, але пан-эўрапейцы з радасьцю б узялі Беларусь ў Пан-Эўропу. Адзінае, што пакуль застаецца беларусам: казаць пра свае жаданьні, прымаць актыўны ўдзел у міжэўрапейскіх канфэрэнцыях і, вядома, пачаць жыць пры дэмакратычнай дзяржаве, бо сучасны палітычны лад краіны ідзе ў разрэз з поглядамі пра свабоды й равенства пан-эўрапейцаў.
Хоць на Беларусі няма моцнага пан-эўрапейскага руху, у нас ёсьць клюбы прыхільнікаў аб’яднанай Эўропы. Так Кірыла Ігнацік, каардынатар пан-эўрапейскіх клюбаў, заявіў:
- У нас ля 30-ці такіх клюбаў. І мы вядзём асабліва шчыльна працу па прыцягненьні моладзі.
Прэзэнтаваная кніга Рыхарда Нікаласа фон Кудэнхове-Калергі выдадзена на рускай мове, бо асобнікі мусяць прывезьці і на Ўкраіну. Аднак у хуткім часе плянуецца выданьне й па-беларуску. Апроч таго, сьвет пабачаць і іншыя творы Кудэнхове-Калергі.
Утопія гэта ці рэальнасьць - пакажа час, а пакуль альтэрнатыва Эўразьвязу існуе. Засталося выбраць пазыцыю, якой будзе прытрымлівацца наша краіна.