Міліцыянт ужыў сілу ў дачыненні да магілёўскай журналісткі
У Магілёве адбыўся інцыдэнт, падчас якога прадстаўнік праваахоўных органаў ужыў фізічную сілу ў дачыненні да журналісткі Ганны Ільіной пры выкананні ёю прафесійных абавязкаў.
14 жніўня рэдактар маланакладнай недзяржаўнай газеты “Магілёўскі Час” Ганна Ільіна прысутнічала на сустрэчы магілёўскіх грамадскіх актывістаў з польскімі і нямецкімі калегамі. Сустрэча ладзілася ў прыватным жыллі.
Нечакана ў дом увайшлі некалькі чалавек у міліцэйскай форме і ў цывільным, якія пачалі задаваць пытанні адносна мэтаў сустрэчы і асобаў яе ўдзельнікаў.
Старшына міліцыі, участковы ўпаўнаважаны Віктар Цароў і супрацоўнік Ленінскага раённага аддзелу міліцыі Ігар Палянскі (які быў у цывільным) без тлумачэння прычын распачалі праверку дакументаў у прысутных.
Ганна Ільіна, прад’явіўшы пашпарт і журналісцкае пасведчанне, зрабіла некалькі здымкаў міліцэйскай праверкі на фотакамеру і зрабіла запісы ў нататнік. Гэта выклікала нервовую рэакцыю ў міліцыянта І. Палянскага, які пачаў забіраць у журналісткі фотаапарат. Пры гэтым ён хапаў журналістку за рукі, цягнуў яе і пагражаў пакараннем. Па словах Палянскага (гэта чулі прысутныя), “ён гатовы заплаціць за фотаапарат, калі разаб’е яго, аднак жа забароны здымаць даб’ецца”. Тым не менш, Ганне Ільіной удалося ўратаваць сваю фотакамеру і нататнік.
Зараз рэдактар “Магілёўскага часу” рыхтуе скаргу ў пракуратуру Ленінскага раёна г. Магілёва на дзеянні міліцыянта.