Навошта патрэбна членства ў БРСМ?
Грамадскае аб’яднаньне БРСМ згодна са сваім Статутам мае на мэце ствараць умовы для “ўсебаковага развіцьця моладзі і раскрыцьця яе творчага патэнцыялу, садзейнічаць стварэньню ў Рэспубліцы Беларусь грамадзянскай супольнасці, заснаванай на патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасцях беларускага народа”.
Абвешчаныя памкеньні, для чалавека недасведчанага, самыя чыстыя, ледзьве не святыя – выхаваць патрыёта сваёй Бацькаўшчыны.
Толькі вось не надта актыўна імкнецца моладзь у шэрагі бэрсээмаўскага руху, пад яе чырвона-зялёныя сцягі. Што рабіць?
Можна нечым заахвоціць… Так як гэта робіцца ў многіх навучальных установах Беларусі. У школах Магілёва і Гомеля, напрыклад. Абвестка на стэндзе ў школе №6 Магілёва не хавае рэальных прычынаў для ўступленьня ў БРСМ.
Аказваецца членства ў БРСМ неабходна моладзі для зусім не патрыятычных мэтаў, а ў першую чаргу для атрыманьня істотных зніжак у крамах, салонах, установах (нават і спісы ёсьць адпаведныя!). Прадугледжаны таксама экскурсіі і турслёты, карацей усё, што “забяспечвае сацыяльную абароненасьць”.
Такімі сродкамі лідэры БРСМ спрабуюць сёньня зацягнуць у арганізацыю нявопытную школьную моладзь, каб выхаваць усё таго ж неўміручага актыўнага будаўніка, “патрыёта”, памахаўшы перад носам у яе салодкім пернікам.