Страйкаваць 1 верасня пагадзіліся прадпрымальнікі з 18 гарадоў Беларусі
Прадпрымальнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі 1 верасня выйдуць на страйк з нявыплатай падаткаў. Падставай для правядзення акцыі пратэсту сталі надзвычай частыя праверкі дзейнасці прадпраемстваў, пасля якіх тавар канфіскоўваецца.
Ініцыятарамі правядзення рэспубліканскага страйку выступілі прадпрымальнікі Светлагорска. Аднак вынікамі праверак незадаволеныя ІП з яшчэ 17 гарадоў Беларусі.
"Апошнімі тыднямі ў людзей забіраюць усе, што яны зарабілі, і вязуць у крамы канфіската", – каментуе вынікі праверак у інтэрв’ю Інтэрнэт-выданню “Телеграф” лідэр кампаніі "За вольнае прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў.
9-10 жніўня масавая праверка і канфіскацыя тавара ў прадпрымальнікаў адбылася ў Оршы. 10 жніўня праз праверкі была спыненая праца рынка ў Слуцку. Абмеркаваць сітуацыю прадпрымальнікі запрасілі прадстаўнікоў мясцовай улады.
"У іх атрымалася спыніць канфіскацыю тавара, але прадпрымальнікі заявілі, што ў выпадку далейшых рэпрэсій абвесцяць страйк", – паведаміў Віктар Гарбачоў.