Абласны суд у Берасьці на баку дзяржаўных чыноўнікаў
Былыя супрацоўнікі Берасцейскага абласнога тэлебачання Лілія Драгачынская і Вольга Шутава у касацыйным парадку абскарджвалі рашэньне суда Ленінскага раёна Брэста. Гэтая скарга была адхілена 2 жніўня Брэсцкім абласным судом.
Перадгісторыя судовай справы наступная: напачатку чэрвеня Ленінскі суд задаволіў часткова зыск дырэктара РУП ТРК “Брэст” Ларысы Дабрадомавай да былых супрацоўнікаў. Кіраўніца абласнога тэлебачання палічыла, што падначаленыя ў скаргах у кантралюючыя органы і кіраўніцтву, зняважылі яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Згодна з рашэньнем суда Вольга Шутава павінна сплаціць Л.Дабрадомавай 300 тысяч рублёў, а астатнія адказчыкі – Лілія Драгачынская, Ігар Каплін, Надзея Лысковіч – па 200 тысяч рублёў кожны. Яны таксама мусілі кампенсаваць выдаткі дырэктара тэлерадыёкампаніі (за карыстанне паслугамі адваката і аплату дзяржаўнай пошліны) на 956 тысяч рублёў. Усяго разам каля 2 мільёнаў рублёў. Патлумачым, што зыск падавалі не чацьвёра супрацоўнікаў, а толькі Шутава і Драгачынская.
Брэсцкі абласны суд на свааім пасяджэньні 2 жніўня пакінуў рашэнне суда Ленінскага раёну Брэста практычна без зменаў, толькі ўдакладніў, якую частку кожны з адказчыкаў павінен выплаціць з агульнай сумы. Акрамя гэтага, адказчыкі павінны абвергнуць сутнасьць некаторых выказваньняў пра Дабрадомаву ў тыя інстанцыі, куда накіроўваліся скаргі. Аднак яны катэгарычна адмаўляюцца рабіць гэта. Праваабаронца Віктар Вялічкін лічыць, што судовыя інстанцыі маюць на мэце запалохаць грамадства, каб адбіць у людзей ахоту звяртацца са скаргамі на прадстаўнікоў улады ў дзяржаўныя ўстановы.