У “Грамадзянскіх ініцыятываў ” міліцыя шукала скрадзеныя рэчы, угнаны мікробус і бомбу
Супрацоўнікі праваахаўных органаў Гомеля і рэгіёна 7 і 8 кастрычніка правялі некалькі спэцыяльных апэрацыяў, удзельнікамі якіх сталі сябры зьліквідаванага Гомельскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” і незарэгістраванай уладамі “Грамадзянская альтэрнатыва ” . Міліцыя падазравала грамадзкіх актывістаў у крадзяжы рэчаў і ўгоне аўтамабілю, а пасьля шукала ў офісе арганізацыі бомбу.
7 кастрычінка ў офіс “Грамадзянскіх ініцыятываў” прыйшоў участковы, які паведаміў, што ў мікробусе юрысконсульта арганізацыі Леаніда Судаленкі знаходзяцца скрадзеныя рэчы. Абвесьціўшы, што аўтобус мусіць быць абшуканы, участковы выклікаў падмацаваньне.
Але калі ля офісу зьявіліся дадатковыя сілы міліцыі, высьветлілася, што мікробус бясьследна зьнік. Празь дзьве гадзіны ён такім жа таямнічым чынам зьявіўся перад ганкам офіса. Па словах старшыні аб’яднаньня “Грамадзянская альтэрнатыва” Ўладзімера Кацоры, з салёну мікробусу нічога ня зьнікла і не зьявілася нічога лішняга.
На наступны дзень, 8 кастрычніка, Леанід Судаленка, якога не зарэгістравалі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты, на тым жа аўтобусе выехаў у Хойнікі. Там ён меў намер падзякаваць выбарцам за аказаную падтрымку і агітаваць іх галасавць супраць высунутага на рэфэрэндум Аляксандрам Лукашэнкам пытаньні.
На пад'езьдзе да Хойнікаў мікробус сп.Судаленкі быў заблякаваны міліцыяй і ДАІ. Супрацоўнікі праваахоўных органаў заявілі, што аўтобус угнаны. У выніку сп.Судаленку затрымалі, а машына была абшуканая.
Тым часам у Гомелі, у офісе “Грамадзянскіх ініцыятываў” зьявіўся маёр міліцыі, які паведаміў, што ў будынку знаходзіцца выбуховае прыстасаваньне. Празь некалькі хвілін будынак быў ачэплены міліцыяй, актывісты арганізацыі пакінулі памяшканьне. Па ацэнках Уладзімера Кацоры, які ў гэты час пад'яжджаў да офісу арганізацыі, у апэрацыі па абяшкоджаньні прыстасаваньня было задзейнічана ня менш за 80 чалавек, сярод якіх былі начальнік РУУС і пракурор Савецкага раёну Гомеля.
“Дзьверы ў памяшканьне аказаліся зачыненымі і міліцыя ўжо хацела яе ўзломваць, калі пад'ехаў я”, - расказаў сп.Кацора. Ён пагадзіўся адчыніць дзьверы пры ўмове, што ўнутр увойдуць толькі спэцыяліст-выбухатэхнік і два міліцыянты. Але калі дзьверы адчынілі, то ў офісе рынулася больш за дзясятак супрацоўнікаў міліцыі.
Выбуховага прыстасаваньня ў офісе не было знойдзена, што супрацоўнікі міліцыі адлюстравалі ў пратаколе агляду. У заўвагах да пратаколу сп.Кацора запісаў, што ў будынку пры аглядзе было шмат пабочных людзей.
Як мяркуюць актывісты “Грамадзянскіх ініцыятываў”, падзеі 7 і 8 кастрычніка мелі “прафілактычны” характар і былі скіраваныя ў першую чаргу на канфіскацыю інфармацыйных матэрыялаў, падрыхтаваных да мітынгу 10 кастрычніка. Дадзенае мерапрыемства, зарганізаванае дэмакратычнымі сіламі рэгіёну, скіраванае супраць рэфэрэндуму Лукашэнкі.
Прэс-служба Асамблеі НДА.