У Беларусі прайшлі акцыі супраць трэцяга прэзідэнцкага тэрміну
У Менску 10 кастрычніка прайшоў перадвыбарчы й антырэфэрэндумны мітынг дэмакратычнай апазыцыі. Гэтая акцыя праходзіла пад лёзунгам: “Беларусі – так, Лукашэнку – не!” Міліцыя канфіскавала некалькі транспарантаў і затрымала трох удзельнікаў гэтай акцыі.
У мітынгу на плошчы Бангалор, дазвол на правядзеньне якога ад гарадзкіх уладаў атрымаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, удзельнічала прыкладна каля паўтысячы чалавек.
Міліцыянты адразу пачалі паводзіць сябе даволі жорстка. У многіх людзей правяралі асабістыя рэчы, шукаючы антырэфэрэндумных транспарантаў . Такім чынам затрымалі маладафронтаўцаў Зьмітра Дашкевіча й Барыса Гарэцкага. У хлопцаў забралі транспарант з надпісам “Не трэцяму тэрміну!” і адвезьлі ў пастарунак.
Затрымалі й сябра ПКБ Уладзімера Карпухіна. Гурту “Палац” забаранілі выступаць на мітынгу. Амонаўцы таксама забралі вялікі транспарант з надпісам “Беларусі – так, Лукашэнку – не!”
***
10 кастрычніка ў Гомелі блізу паўтысячы гараджанаў узялі ўдзел у мітынгу супраць трэцяга тэрміну прэзыдэнта. Гарвыканкам дазволіў акцыю ля Палацу глухіх на вуліцы Юбілейнай. На мітынгу, які праходзіў пад лёзунгам: “Беларусі –так! Лукашэнку – не!”, выступілі кандыдаты ў дэпутаты ад кааліцыі “Пяцёрка плюс” Алесь Карніенка, Юрый Варонежцаў, Віктар Хоміч ды іншыя. Падчас мітынгу нарасхват ішла кніга Шарамета й Калінкінай “Выпадковы прэзыдэнт”.
Пасьля мітынгу міліцыя затрымала легкавік сябра АГП Уладзімера Кацоры. Яго прымусілі ехаць у Чыгуначны РАУС, дзе ўчынілі ператрус. Відаць, шукалі кнігу Шарамета й Калінкінай “Выпадковы прэзыдэнт”, якую раздавалі на мітынгу. Аднак у легкавіку міліцыянты знайшлі толькі падшыўкі старых газэт.
***
У Віцебску цягам чатырох гадзінаў кандыдаты праводзілі агітацыю на вуліцах гораду. Дэпутатку ад партыі БНФ Ніну Кавалёву міліцыянты затрымалі, і дзьве з паловай гадзіны ёй давялося правесьці ў пастарунку.
Агітацыйная акцыя пачалася аб 11-й дня, і меркавалася, што цягам чатырох гадзінаў віцебскія кандыдаты – прадстаўнікі Народнай кааліцыі “Пяцёрка +” будуць раздаваць агітацыйныя матэрыялы, прысьвечаныя выбарам ды рэфэрэндуму. Да партыйцаў далучыліся і віцебскія прадстаўнікі грамадзкай арганізацыі “Фонд імя Льва Сапегі”, якія распаўсюджвалі ўлёткі з заклікам “Скажы на рэфэрэндуме “НЕ!”.
Кандыдаты “падзялілі” горад на некалькі ўчасткаў, каб агітацыя была паўсюднай, і раздавалі свае ўлёткі каля буйных крамаў, інтэрнатаў, на кірмашах і транспартных прыпынках.
Першымі надзвычайную пільнасьць праявілі міліцыянты з Кастрычніцкага раённага аддзяленьня – ужо праз гадзіну ад пачатку акцыі яны затрымалі кандыдатку ад партыі БНФ Ніну Кавалёву і яе давераную асобу Лявона Панкраценку.
Вызваляць спадарыню Кавалёву й спадара Панкраценку з пастарунку прыйшлі сябры па партыі ды двое назіральнікаў за выбарамі з АБСЭ. Міліцыянты адразу ж адпусьцілі затрыманых, праўда, забраўшы 500 асобнікаў агітацыйных улётак.
Трапіць пад увагу міліцыянтаў давялося таксама й прадстаўнікам БСДП НГ Аляксею Гаўруцікаву ды Алене Фаміной. Не знайшоўшы іншай прычыны, міліцыянты зь Першамайскага райаддзелу загадалі партыйцам сыходзіць, бо яны, маўляў, замінаюць людзям заходзіць у краму. Калі ж пакупнікі сказалі, што прэтэнзіяў ня маюць, міліцыянты загадалі кандыдатам паказаць свае асабістыя рэчы, перагледзелі складзеныя ўлёткі ды зьехалі.
Паводле Радыё Свабода