Напярэдадні Дня незалежнасьці ўлада губляе апошні розум і сорам
Дзень 24 ліпеня найбольш яскрава сведчыць пра рэальнае стаўленьне ўладаў да дыялогу з апазіцыяй. Адліга, як бачна была ілюзорнай і сёняшні накат на моладзь, на прадстаўнікоў “Маладога фронту”, толькі падцвярджае знакаміты выраз, якім карыстаюцца беларускія ўлады: “Колькі ваўка не кармі, ён усё адно глядзіць у лес”.
Учора ў судзе Фрунзенскага раёну Менску былі асуджаны на пятнаццаць сутак зняволеньня:
Павел Севярынец за распаўсюджванне ўлётак з заклікам прыняць удзел у мерапрыемствах апазіцыі, прымеркаваных да Дня Незалежнасці 27 ліпеня;
сябра аргкамітэту Беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў Аляксей Шэін за распаўсюд улётак з заклікам прыняць удзел у мерапрыемствах апазыцыі, прымеркаваных да Дня незалежнасьці 27 ліпеня
Суд Савецкага раёну Менску прысудзіў моладзевага актывіста Сяргея Клюева да 10 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 23.34 (распаўсюд улётак з заклікам да ўдзелу у несанкцыянаваным мерапрыемстве, што прыроўніваецца да ўдзелу ў такім мерапрыемстве).
У судзе Савецкага раёна былі ўчора таксама пакараны штрафамі па артыкуле 17.1 Адміністратыўнага кодэкса Беларусі (“дробнае хуліганства”) Кацярына Cухардзінава - 30 базавых велічынь і Марыя Серая – 20 базавых велічынь. Яны былі затрыманы за расклейваньне налепак з заклікам да ўдзелу ў мерапрыемствах апазыцыі ў Дзень незалежнасьці – 27 ліпеня.
У судзе Цэнтральнага раёну адбыўся суд над моладзевым актывістам Валянцінам Сакалоўскім на 10 сутак арышту. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве, і пакаралі дзесяцьцю суткамі арышту.
Валянцін Сакалоўскі быз затрыманы напярэдадні ўвечары на вуліцы міліцыянтамі ў цывільным, якія паведамілі, што ён падобны на нейкага злачынцу. Аднак, у пастарунку на Валянціна Сакалоўскага склалі пратакол за дробнае хуліганства: маўляў, ён нецэнзурна лаяўся і размахваў рукамі.
Гэтым жа судом пакараны і актывіст Аляксандар Чарнышоў. Ён актрымаў 15 сутак арышту за дробнае хуліганства. Аляксандар Чарнышоў вучыцца ва ўнівэрсытэце ў Польшчы паводле праграмы Каліноўскага для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў.
Студэнт трэцяга курсу маскоўскага ўнівэрсытэту Дружбы народаў Юры Вольфсан прыехаў у Менск з бабуляй па справах і быў затраманы за расклейку налепак: “Скажы Лукашэнку — не!”У судзе Цэнтральнага раёну яго арыштавалі на 7 сутак.
Сёньня ў судзе Партызанскага раёну будуць судзіць затрыманых учора “маладафронтаўцаў” Аляксея Шыдлоўскага і Паўла Бараноўскага, якія правялі ноч у спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна.
Затрыманых таксама ўчора трох актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Сьцяпана Луцэвіча, Яўгена Малахоўскага і Алеся Вішняка, якія распаўсюджвалі ўлёткі з заклікам удзельнічаць у мерапрыемствах 27 ліпеня, як перадае Радыё Свабода, могуць пасля складаньня пратаколаў адразу перадаць бацькам, паколькі яны непаўнагадовыя.
Пазней пратаколы будзе разглядаць адміністратыўная камісія па месцы іх жыхарства.