Гарадзенскае чынавенства засаромелася Хрыста
Гарадзенскія ўлады у другі раз адмовілі беларускаму скульптару Генадзю Лойку правесці ў горадзе ІХ мастацкі пленэр “Легенда з пяску”. Начальнік аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Генадзь Жалязняк у размове з БелаПАН матываваў адмову выбарам месца мяркуемага правядзення мастацкай акцыі і яе тэматыкай. Чыноўнікам не спадабалася тэма акцыі “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, названай у гонар аднайменнага рамана класіка беларускай літаратурыУладзіміра Караткевіча. Правядзенне акцыі ў Гродна гэтым разам планавалася на 20-22 чэрвеня з удзелам мінскіх школьнікаў, студэнтаў і выпускнікоў ВНУ. На беразе ракі Нёман арганізатары хацелі стварыць з пяску вобраз Хрыста, які ляжыць тварам уніз і абдымае гарадзенскую зямлю.
Нагадаем, напачатку пленэр “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” меўся адбыцца ў Гродна з 13 па 15 ліпеня. Аднак і тады арганізатары пленэру атрымалі адмову ад гарадзенскіх уладаў на яго правядзеньне.
ПЦ “Вясна” дадае, што Гародня гэта першы беларускі горад, які адмовіўшы Генадзю Лойку, пазбавіў дабраахвотна сваіх грамадзян стаць сведкамі ўнікальнага скульптурнага праекту.