Аляксандр Мілінкевіч адпушчаны без складання пратакола
Лідэр дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч 17 ліпеня пасля высвятлення супрацоўнікамі праваахоўчых органаў абставін яго знаходжання ў памежнай зоне ў Астраўцу адпушчаны без складання пратакола.
Аляксандр Мілінкевіч заявіў міліцыянтам, што згодна беларускага заканадаўства, ён можа знаходзіцца ў памежнай зоне да трох гадзінаў без спецыяльнага дазволу. Палітык таксама адмовіўся даваць любыя тлумачэнні ў прысутнасці чалавека ў цывільным, які не захацеў прад’явіць дакуманты.
Супрацоўнікі міліцыі распытвалі мэты візіту Аляксандра Мілінкевіча, пра людзей, з якімі ён сустракаўся, і да каго прыехаў.
Нагадаем, што лідэр дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і асобамі ў штацкім у Астраўцу каля 18 гадзінаў. Ён знаходзіўся з візітам па гарадах Гродзенскай вобласці, дзе сустракаўся з дэмакратычнымі актывістамі рэгіёну, а таксама з жыхарамі мястэчак.