Беларускія памежнікі не пусцілі польскага журналіста ў Маскву
https://spring96.org/be/news/17558
2007
2007-07-16T13:55:54+0300
2007-07-16T13:55:54+0300
1970-01-01T03:00:00+0300
be
Беларускія памежнікі не дазволілі праехаць з Варшавы ў Маскву карэспандэнту "Gazety Wyborczej" Вацлаву Радзівіновічу.
Пра гэта паведаміў карэспандэнт выдання ў Гродне Андрэй Пачобут. Паводле яго слоў, інцыдэнт адбыўся ўначы 16 ліпеня ў Брэсце.
Радзівіновіч з'яўляецца карэспандэнтам "Gazety Wyborczej" у Маскве, куды ён і накіроўваўся. У Брэсце беларускія памежнікі пасля праверкі дакументаў папрасілі яго пакінуць цягнік.
Да шостай гадзіны раніцы яго трымалі на мяжы пад аховай, пасля чаго пасадзілі ў цягнік, які рухаўся назад у Польшчу.
Пры гэтым Радзівіновічу не паставілі ў пашпарт ніякіх адзнак, якія б забаранялі ўезд у Беларусь, — яму толькі параілі або лятаць у Маскву самалётам, або ездзіць туды цераз Украіну.
Раней Радзівіновіч працаваў карэспандэнтам польскага выдання ў Беларусі. У верасні 2006 года ён не атрымаў акрэдытацыю беларускага МЗС і вымушаны быў пакінуць краіну.
Нагадаем таксама, што ў лютым 2006 года Радзівіновічу было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь, нягледзячы на наяўнасць усіх неабходных дакументаў.
У сувязі з гэтым інцыдэнтам МЗС Польшчы накіроўвала ноту на адрас беларускага знешнепалітычнага ведамства.