Ад кандыдата БНФ Віктара Раманішкі патрабуюць цэнзураваць улёткі.
Рэчыцкая дзяржаўная друкарня “Тытул” адмаўляецца друкаваць перадвыбарчыя ўлёткі фронтаўскага кандыдата са Сьветлагорску Віктара Раманішкі. Ад яго патрабуюць узгадніць зьмест улёткі з акруговай камісіяй.
Гэтае патрабаваньне спадару Раманішку тэхнолаг друкарні перадала праз фронтаўскага кандыдата з Рэчыцы Валера Пуціцкага, у якога з друкарняй “Тытул” узьніклі тыя ж праблемы. Пасьля “ўзгадненьня” спадаром Пуціцкім сваёй улёткі са старшынём Рэчыцкай акруговай камісіі, намесьнікам старшыні Рэчыцкага райвыканкаму Віталем Атаманчуком кандыдату давялося зьняць слоган “Скажы Лукашэнку “Не!” і адпаведны тэкст — чаму трэба сказаць “не”. Атаманчук не пагадзіўся і на тое, каб пакінуць словы, што кандыдат выступае супраць пажыцьцёвага прэзыдэнцтва. Гэтая тэза замененая на “супраць трэцяга тэрміну”.
4 кастрычніка Віктару Раманішку сапсавалі ўвесь 10-тысячны наклад улётак. З заклікаў “На выбарах 17 кастрычніка ска жы Раманішку “Так!” і “На рэфэрэндуме 17 кастрычніка скажы Лукашэнку “Не!” выкінулі прозьвішчы і Лукашэнкі, і Раманішкі разам з адказамі “не” і “так”. У "Тытуле" на патрабаваньне кандыдата перадрукаваць улёткі быццам бы пагадзіліся. Але наступным днём спаслаліся, што зламалася тэхніка і адсутнічае дырэктарка Сьвятлана Драгун, якая зьехала ў Менск. А без яе дазволу друкаваць улёткі адмаўляліся.
“Зразумела, калі б у мяне не было заклікаў сказаць на рэфэрэндуме “не” Лукашэнку, улёткі былі б надрукаваныя вельмі хутка, — зазначыў Віктар Раманішка. — Ну а пакуль у мяне ёсьць такі заклік, то яны будуць цягнуць і хутчэй за ўсё не надрукуюць.
Сёньня з раніцы я еду ў рэчыцкую друкарню і буду размаўляць з дырэктаркай. Калі ўсё застаецца па-ранейшаму, я адклікаю заказ.
Але зьмяняць зьмест улёткі я ня буду!
Я ўчора размаўляў з іншымі друкарнямі. Там кажуць: “Калі з вашай акруговай камісіі ня будзе ніякіх запытаў, то мы гатовыя надрукаваць”.
Прэс-група Партыі БНФ