5 кастрычніка суд Ленінскага раёна Мінска скончыў разгляд чарговага зыску ТАА "Альянс-Медиа" да рэдакцыі газеты "Народная воля" і Леаніда Левіна.
Суд задаволіў зыскавыя патрабаванні ў поўным аб`ёме і пастанавіў спагнаць з рэдакцыі 840 тысяч рублёў на кампенсацыю дадатковых судовых выдаткаў зыскоўца. Большую частку гэтай сумы складае аплата паслугаў адваката ТАА "Альянс-Медиа" за ўдзел у разглядзе касацыйнай скаргі рэдакцыі. (Скарга тычылася рашэння Ленінскага раённага суда ад 18 лютага г.г. па справе аб публікацыі "Как "Обозреватель" Сергея Атрощенко по-бандитски обошёлся с Леонидом Левиным").
Нагадаем, што аналагічнае рашэнне было вынесена судом Ленінскага раёна 29 верасня, калі разглядаўся зыск да "Народнай волі" прадпрымальніка Сяргея Атрошчанкі. Тады суддзя пастанавіла спагнаць з рэдакцыі 776 тысяч рублёў на кампенсацыю дадатковых судовых выдаткаў зыскоўца. (Справа тычылася публікацыі "Какому бизнесу в Беларуси хорошо?").
Абодва рашэнні могуць быць абскарджаны ў касацыйным парадку, паведаміла прэс-служба БАЖ.