Поўная ізаляцыя палітвязьняў Клімава і Казуліна
Што з вязьнямі адбываецца ў калёніі, часта становіцца вядома ўжо пасьля адбыцьця пакараньня. Днямі прыйшлі зьвесткі, нібыта Аляксандра Казуліна ў калёніі зьбіў супрацоўнік адміністрацыі. Пра гэта паведамілі былыя вязьні. Але адміністрацыя калёніі “Віцьба-3”, дзе ўжо амаль год трымаюць былога кандыдата на прэзыдэнта, гэтыя зьвесткі абвяргае.
Сам Аляксандр Казулін ужо шмат часу лістоў дамоў не пісаў, што ягоныя сваякі лічаць вельмі падазроным.
“Лістоў няма ўжо месяц. Мы вельмі хвалюемся з гэтай прычыны і сказаць нічога пакуль ня можам” , -- паведаміла “Радыё Свабода” яго дачка Юлія.
Паводле Юлі Казулінай, на наступным тыдні паехаць да бацькі зьбіраецца ягоны адвакат.
Працягваецца інфармацыйны вакуум і вакол былога дэпутата Андрэя Клімава, якога трымаюць у менскім сьледчым ізалятары ўжо болей за тры месяцы. Клімава падазраюць у распаўсюджваньні заклікаў супроць дзейнай ўлады. Яшчэ тры тыдні таму Клімаў зь менскага турэмнага шпіталя патрапіў у мэдычны пункт сьледчага ізалятару. Адтуль ад яго зьвестак сябрам не было, кажа калега Клімава па Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык.
Былы кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Казулін кінуты за краты за арганізацыю акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Дзень Волі 25 сакавіка 2006 года. 13 ліпеня Менскі суд прысудзіў Аляксандра Казуліна да 5,5 гадоў турэмнага зняволення. У турме Аляксандр Казулін абвясціў галадоўку, патрабуючы разгляду беларускага пытання ў Радзе Бяспекі ААН. Палітвязень галадаў 53 дні, страціўшы больш за 40 кілаграмаў вагі і беззваротна падарваўшы здароўе. Мужны палітык дамогся сваёй мэты - прадстаўнік ЗША падняў беларускай пытанне ў Радзе Бяспекі ААН.
Апазіцыйны лідэр, дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання Андрэй Клімаў быў арыштаваны 3 красавіка 2007 года за апублікаваныя ў Інтэрнэце публіцыстычныя артыкулы. Супраць палітыка ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 361 ч.3 КК РБ "Заклікі да звяржэння або змены канстытуцыйнага ладу, ажыццёўленыя з дапамогай СМІ". Андрэй Клімаў утрымліваецца ў СІЗА №1 г. Менска. У ізалятары ў палітыка здарыўся сардэчны прыступ.
Раней Клімаў, актыўны апанент Аляксандра Лукашэнкі, правёў 4 гады ў турме па абвінавачваннях у эканамічных злачынствах, а таксама быў прысуджаны да 15 месяцаў абмежавання свабоды ("хіміі") за арганізацыю вулічных акцый пратэсту на Дзень Волі ў 2005-м годзе. "Міжнародная Амністыя" прызнала Андрэя Клімава Вязнем сумлення.