Зьніклага пяць гадоў таму палітыка Віктара Ганчара запрасілі прыняць удзел у рэфэрэндуме.
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода. На хатні адрас, дзе жыў Віктар Ганчар, прыйшло адрасаванае яму запрашэньне прыйсьці на выбары і рэфэрэндум. Жонка зьніклага палітыка лічыць гэта паказчыкам “чысьціні” будучага апытаньня насельніцтва адносна трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі.
Зінаіда Ганчар атрымала запрашэньне прыйсьці 17 кастрычніка на выбарчы ўчастак разам з мужам Віктарам Ганчаром і сынам Андрэем. Жонка зьніклага пяць гадоў таму віцэ-спікера заяўляе, што для яе гэта ёсьць паказчыкам сумленнасьці тых, хто арганізуе выбары і рэфэрэндум:
(Ганчар: ) “Гэта такое стаўленьне. Галасы ўсіх, хто ня прыйдзе галасаваць, будуць аддадзеныя Лукашэнку. Лічба 72% тых, хто быццам бы за рэфэрэндум, агучваецца апошнімі днямі недарэмна. Меншай лічбы ня будзе, магчымае толькі яе падвышэньне”.
Менавіта жыльлёва-камунальныя службы пастаўляюць у выбарчыя камісіі зьвесткі, на падставе якіх складаюцца сьпісы выбаршчыкаў. Зінаіда Ганчар згадала 1990-я гады, калі супрацоўнікі ЖЭСаў удакладнялі гэтыя зьвесткі, адмыслова наведваючыся ў кватэры. Цяпер, паводле Зінаіды Ганчар, ніхто такой карэктыроўкі не рабіў.