Сведка і пацярпелы як удзельнікі крымінальнага працэсу
Хто з'яўляецца сведкам?
Задачай дадзенага раздзела з 'яўляецца азнаямленне з правамі і абавязкамі сведкі згодна з дзеючым Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь. У дадзеным раздзеле таксама ўтрымліваюцца парады, якім чынам пазбегнуць непрыемнасцяў, звязаных з прыцягненнем Вас у якасці сведкі па ўзбуджанай органамі следства крымінальнай справе.
Шмат хто з Вас чуў гісторыі пра тое, што следчыя вельмі часта выкарыстоўваюць абавязкі сведкі даваць праўдзівыя паказанні для далейшага прыцягнення яго (сведкі) да адказнасці ў якасці падазраванага альбо абвінавачванага. Як пазбегнуць такой сітуацыі, як не даваць паказанні супраць сабе, сваіх родных? У дадзеным р'аздзеле мы паспрабуем адказаць на гэтыя пытанні.
Хто з'яўляецца сведкам?
Статус сведкі ў крымінальным працэсе вызначаецца ў артыкуле 60 КПК Рэспублікі Беларусь. Згодна з дадзеным артыкулам, сведкам з'яўляецца асоба, у адносінах да якой ёсць падставы меркаваць, што ёй вядомыя якія-небудзь абставіны па крымінальнай справе. Гэтая асоба выклікаецца органам, што вядзе крымінальны працэс, для дачы паказанняў у якасці сведкі. Але не ўсе асобы могуць быць дапытаныя ў якасці сведкі. Той самы артыкул утрымлівае пералік тых катэгорый асобаў, што не могуць быць сведкамі па крымінальнай справе, і іх допыт у якасці сведкаў з'яўляецца парушэннем крымінальна-працэсуальнага заканадаўства.
Не падлягаюць допыту ў якасці сведкі:
1. падазраваны;
2. асобы, якія ў сувязі са ўзростам, фізічнымі ці псіхічнымі недахопамі не здольныя правільна ўспрымаць абставіны, якія падлягаюць выяўленню па крымінальнай справе, і даваць пра іх паказанні. Для вырашэння пытання аб здольнасці асобы правільна ўспрымаць абставіны, якія маюць значэнне для справы, і даваць пра іх паказанні можа прызначацца і ажыццяўляцца амбулаторная экспертыза;
3. адвакаты, іх стажоры, супрацоўнікі прэзідыумаў калегій адва-катаў, юрыдычных кансультацый -- для атрымання якіх-небудзь звестак, якія могуць быць ім вядомыя ў сувязі з аказаннем юрыдычнай дапамогі пры вытворчасці па крымінальнай справе;
4. асобы, якім звесткі, што адносяцца да дадзенай крымінальнай справы, сталі вядомыя ў сувязі з іх удзелам у вытворчасці па крымінальнай справе ў якасці абаронцы, прадстаўніка, грамадзянскага істца, грамадзянскага адказчыка. Удзел у справе законных прадстаўнікоў падазраванага, абвінавачванага, пацярпелага не выключае магчымасці допыту дадзеных асобаў у якасці сведкаў па іншых абставінах, якія маюць значэнне для справы;
5. пракурор, следчы, дазнавальнік, сакратар судовага паседжання - аб абставінах крымінальнай справы, якія сталі ім вядомыя ў сувязі з удзелам у вытворчасці па крымінальнай справе, а суддзя -- у сувязі з абмеркаваннем у дарадчым пакоі пытанняў, якія ўзніклі пры вынясенні судовага рашэння;
6. святар - аб абставінах, якія сталі вядомыя яму са споведзі;
7. доктар - без згоды асобы, якая звярнулася да яго дзеля аказання медыцынскай дапамогі, па абставінах, што складаюць прадмет медыцынскай таямніцы;
8. асобы, якія аказалі канфідэцыяльную дапамогу ў раскрыцці злачынства - без іх згоды і згоды адпаведнага органа крымінальнага пераследу;
Такім чынам, Крымінальна-працэсуальны кодэкс налічвае 8 катэ горый асобаў, што не могуць быць дапытаныя ў якасці сведкі наогул альбо без дазволу іншай асобы ці органа крымінальнага пераследу. Крыху ніжэй мы яшчэ даведаемся пра аспекты, якія не дазваляюць дапытваць асобаў у якасці сведак, і якія, пры патрэбе, абавязкова варта выкарыстоўваць.
Правы і абавязкі сведкі
Правы і абавязкі сведкі рэгулююцца ч.ч.З і 4 арт. 60 КПК Рэспублікі Беларусь.
Згодна з ч. 3 арт 60 КПК, сведка мае права:
1. не сведчыць супраць сябе самога, членаў сваёй сям'і і блізікіх сваякоў;
2. заяўляць адвод перакладчыку, які ўдзельнічае ў ягоным допыце;
3. уласнаручна запісваць свае паказанні ў пратаколе допыту ці засведчыць сваім подпісам у пратаколе следчага ці іншага працэсульнага дзеяння правільнасць запісу дадзеных ім паказанняў;
4. заяўляць хадайніцтвы і прыносіць скаргі на дзеянні органа, які вядзе крымінальны працэс, у тым ліку аб прыняцці мераў па забеспячэнні яго бяспекі, членаў сям'і, блізкіх сваякоў і іншых асобаў, якіх ён абгрунтавана лічыць роднымі, а таксама маёмасці;
5. атрымліваць кампенсацыю выдаткаў, якія былі панесныя пры вытворчасці па крымінальнай справе, і шкоды, якая была нанесная дзеяннямі органа, што вядзе крымінальны працэс.
Асаблівую ўвагу хацелася б звярнуць на пункт 1 дадзенай часткі артыкула 60 КПК. У ім закладзены прынцып, які дазваляе адмовіцца ад дачы паказанняў супраць сябе самога, сваіх родных, членаў сям'і. Пры гэтым асоба, якая скарыстала гэтае, гарантаванае артыкулам 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь правам, не нясе крымінальнай адказнасці за адмову ад дачы паказанняў. Менавіта наяўнасць крымінальнай адказнасці за дачу ілжывых паказанняў альбо адмову ад дачы паказанняў адрознівае сведку ад такіх удзельнікаў крымінальнага працэсу, як падазраваны, абвінавачваны.
Сведка абавязаны даваць паказанні пра факты, якія яму вядомыя па канкрэтнай крымінальнай справе. Згодна з ч. 2 арт. 217 КПК Рэспублікі Беларусь, асоба, якая выклікана на допыт у якасці пацярпелага альбо сведкі, папярэджваецца аб крымінальнай адказнасці за адмову ад дачы паказанняў і за дачу заведама ілжывых паказанняў. Аднак, калі ў ходзе допыта ў якасці сведкі Вы прыйшлі да высновы, што дадзеныя вамі паказанні могуць быць выкарыстаныя супраць Вас ці Вашых родных, памятайце пра сваё права адмовіцца ад паказанняў. Пры гэтым, у адпаведнасці з заключэннямі Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь ад 23 чэрвеня 1998 года, пацярпелы і сведка, якія скарысталі права не даваць паказанні, не могуць папярэджвацца аб крымінальнай адказнасці за дачу ілжывых паказанняў ці адмову ад іх.
Зараз варта вызначыцца, хто, згодна з дзеючым заканадаўствам, з'яўляецца членам сям'і і блізкім сваяком. У адпаведнасці з арт.б КПК Рэспублікі Беларусь, членамі сям'і з'яўляюцца блізкія сваякі, іншыя сваякі, непрацаздольныя ўтрыманцы і іншыя асобы, якія пражываюць сумесна з удзельнікам крымінальнага працэсу і вядуць з ім сумесную гаспадарку. Блізкімі сваякамі з'яўляюцца: бацькі, дзеці, усынаўляльнікі, усыноўленыя, родныя браты і сёстры, дзед, бабка, унукі, а таксама муж (жонка) пацярпелага, падазраванага, абвінавачванага альбо асобы, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне. Адпаведна, калі ад Вас будуць патрабаваць даваць паказанні супраць пералічаных вышэй асобаў, Вы маеце права адмовіцца ад дачы паказанняў, скарыстаўшы сваё права. Аднак пры гэтым варта ведаць адзін вельмі важны аспект крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Вядома, што ў якасці абаронцы падазраванага і абвінавачванага могуць выступаць не толькі адвакаты, законныя прадстаўнікі, але і блізкія сваякі, якія дапушчаныя да справы ў якасці абаронцы адпаведнымі органамі крымінальнага пераследу.
Згодна з артыкулам 87 КПК Рэспублікі Беларусь, абставінамі, якія выключаюць удзел у вытворчасці па крымінальнай справе абаронцы, прадстаўніка пацярпелага, з'яўляюцца, калі яны:
1. далі паказанні ў якасці сведкаў пра абставіны, якія маюць адносіны да дадзенай крымінальнай справы;
2. з'яўляюцца членамі сям'і ці блізкімі сваякамі абвінавачванага, якія скарысталі права не сведчыць супраць асобы, што прыцягваец-ца да крымінальнай адказнасці па дадзенай справе.
Следчыя вельмі часта выкарыстоўваюць гэтыя акалічнасці і выклікаюць у якасці сведкаў блізкіх сваякоў абвінавачванага ці пацярпелага. Пры гэтым абодва варыянты іх паводзінаў (дача паказанняў ці адмова ад дачы паказанняў) робяць немагчымым іх да-лейшы ўдзел у крымінальнай справе ў якасці абаронцы.
Вернемся да абавязкаў сведкі, якія рэгламентуюцца ч. 4 арт. 60 КПК РБ.
Сведка абавязаны:
1. з'яўляцца па выкліках органа, які вядзе крымінальны працэс;
2. праўдзіва паведамляць усё вядомае па справе і адказваць на пастаўленыя пытанні;
3. не разгалошваць звесткі пра абставіны, якія сталі вядомыя яму па справе, калі ён папярэджаны пра гэта органам крымінальнага пераследу ці судом;
4. падпарадкоўвацца законным распараджэнням органа, які вядзе крымінальны працэс.
Артыкулы 401, 402, 407 Крымінальнага кодэкса прадугледжваюць адказнасць за разгалошванне звестак следства, а таксама за адмову ад дачы паказанняў ці дачу ілжывых паказанняў.
Допыт сведкі ці пацярпелага
Цяпер пяройдзем да пытання допыту сведкі ці пацярпелага. Усе правілы правядзення допыту рэгулюцца главой 25 КПК Рэспублікі Беларусь. Якія асноўныя правілы трэба ведаць, калі Вас выклікалі на допыт у якасці сведкі? Па-першае, менавіта выклікалі. Гэта азначае, што сведка (пацярпелы таксама) павінны выклікацца органамі следства. Гэта правіла мае адзінае выключэнне: калі следчы мае права правесці допыт па месцы знаходжання дапытванага. Як правіла, гэта адбываецца непасрэдна на месцы злачынства і іншых абставінах, калі неабходна апытаць сведак і пацярпелых на месцы. У астатніх выпадках, у адпаведнасці з арт. 216 КПК, пацярпелы, сведка выклікаюцца на допыт позвай. У ёй павінна быць указана: хто, у якой якасці выклікаецца, да каго і па якім адрасе, час яўкі на допыт, а таксама наступствы няяўкі без уважлівай прычыны. Таму, калі Вам патэлефануюць і запросяць паразмаўляць (асабліва такія размовы любяць супрацоўнікі КДБ), скажыце, што Вы вельмі рады дапамагчы, але няхай Вам накіруюць позву ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Гэта надасць "размове па душах" афіцыйны характар. Вы павінны ведаць, хто Вас выклікаў, у якасці каго і па якой справе.
Позва ўручаецца асобе, якая выклікаецца, пад распіску. Пры адсутнасці гэтай асобы позва ўручаецца пад распіску каму-небудзь з паўнагадовых членаў сям'і альбо адміністрацыі па месцы працы, якія абавязаны перадаць позву. Дапытваны можа быць выкліканы з выкарыстаннем і іншых сродкаў сувязі. У выпадку няяўкі без уважлівых прычынаў асоба можа быць прымусова прыведзеная органамі міліцыі па пісьмовай матываванай пастанове органаў следства. Пастанова аб прыводзе абвяшчаецца асобе, у адносінах да якой яна вынесеная, перад выкананнем і засведчваецца подпісам.
Прывод не можа быць выкананы ў начны час, а таксама ў адносінах да непаўнагадовых ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў, цяжарных жанчын, хворых, якія па сваім стане здароўя не могуць ці не павінны пакідаць месца свайго знаходжання, што павінна быць засведчана доктарам, які працуе ў дзяржаўнай медыцынскай установе.
Артыкул 217 КПК Рэспублікі Беларусь рэгулюе агульныя правілы правядзення допыту.
Перад пачаткам допыту следчы, дазнавальнік павінны высвятліць дадзеныя пра асобу, якая дапытваецца. Калі ўзнікаюць сумненні, ці валодае асоба мовай, на якой вядзецца вытворчасць па крымінальнай справе, высвятляецца, на якой мове ён жадае даваць паказанні. Адносна мовы вытворчасці ў крымінальным працэсе гаворыць артыкул 21 КПК. Вытворчасць па матэрыялах і крымінальнай справе ў Рэспубліцы Беларусь вядзецца на беларускай ці рускай мовах.
Асобам, якія не валодаюць ці недастаткова валодаюць мовай, на якой вядзецца крымінальны працэс, забяспечваецца права вусна ці пісьмова рабіць заявы, даваць тлумачэнні і паказанні, заяўляць хадайніцтвы, падаваць скаргі, знаёміцца з крымінальнай справай, выступаць у судзе на роднай мове ці на мове, якой ён валодае.
Згодна з ч.З арт. 21 КПК, працэсуальныя дакументы ва ўстаноўленым дадзеным Кодэксам парадку ўручаюцца падазраванаму, абві-навачванаму, а таксама іншым удзельнікам крымінальнага працэса ў перакладзе на іх родную мову ці на мову, якой яны валодаюць. Гэта вельмі важная акалічнасць, якую варта выкарыстоўваць, калі Вы даеце паказанні на беларускай мове, якая мае статус дзяржаўнай. Вы маеце права патрабаваць, каб усе працэсуальныя дакументы (пратаколы следчых дзеянняў: пратакол допыта, выемкі, апазнання, вобыску і г.д.) вяліся па-беларуску. Свабоднае карыстанне беларускай мовай ва ўсіх сферах жыцця з'яўляецца Вашым канстытуцыйным правам.
На практыцы, натуральна, усё выглядае інакш. У лепшым выпадку, калі Вы будзеце даваць паказанні па-беларуску, следчы будзе запісваць іх у пратакол допыту па-руску, пры гэтым асабіста перакладаючы вашы паказанні. Гэту сітуацыю можна выкарыстаць пры ўласнай абароне (калі Вы падазраваны ці абвінавачваны). Зафіксаваныя ў пратаколах паказанні можна паставіць пад сумненне, па колькі следчы перакладаў іх сам, а дзе гарантыя, што ён правільна пераклаў вашыя словы, не змяніў іх сэнс. Даволі часта следчыя не валодаюць беларускай мовай у дастатковай ступені, каб весці пратаколы і іншыя працэсуальныя дакументы па-беларуску.
Прыкладам таму з'яўляецца пераклад афіцыйнымі органамі назвы нашай арганізацыі "Праваабарончы цэнтр "Вясна", якую нават у Міністэрстве юстыцыі перакладаюць як "правоохраннтельный". Па-першае, гэты пераклад з'яўляецца няправільным ("правоохранительный" па-беларуску - "праваахоўны"), а па-другое, змяняе сэнс дакладна наадварот. Праваахоўнымі могуць быць толькі дзяржаўныя органы -- міліцыя, пракуратура ці КДБ, а мы - праваабаронцы (правозащитники). Гэта дробны прыклад паказвае, наколькі важ-нымі з'яўляюцца нюансы правільнага перакладу. Памятайце пра гэта і выкарыстоўвайце ў вашых інтарэсах.
Асобе, якая выкліканая на допыт, паведамляецца, у якасці каго, па якой крымінальнай справе яна будзе дапытаная, тлумачацца правы і абавязкі, у тым ліку - права адмовіцца да дачы паказанняў у адносінах да яе самой, членаў сям'і і блізкіх сваякоў, пра што робіцца адзнака ў пратаколе.
Асоба, якая выкліканая на допыт у якасці пацярпелага ці сведкі, папярэджваецца (калі яна не скарыстала сваё права не даваць паказанні) пра крымінальную адказнасць за адмову ці ўхіленне ад дачы паказанняў і за дачу загадзя ілжывых паказанняў.
Допыт пачынаецца з прапановы распавесці пра вядомыя абставіны крымінальнай справы. Калі дапытваны гаворыць пра абставіны, якія не датычацца крымінальнай справы, яму павінна быць указана на гэта.
Па заканчэнні вольнага аповяду дапытванаму могуць быць зададзеныя пытанні, якія накіраваныя на ўдакладненне і дапаўненне паказанняў. Задаваць наводзячыя пытанні забараняецца.
У дадзеным выпадку пад наводзячымі пытаннямі трэба разумець пытанні, якія "падказваюць" адказ на іх. Напрыклад, пытанне "Ці перадаваў Вам Каліноўскі спецвыпуск газеты "Мужыцкая праўда"?". У дадзеным выпадку следчы павінен быў запытацца "Ці перадаваў Вам Каліноўскі якую-небудзь друкаваную прадукцыю? ".
Таксама Вы маеце права не адказваць на пытанні, якія не датычаць канкрэтнай крымінальнай справы. Вядома, што следчы будзе казаць, што тут ён вырашае, што датычыць справы, а што - не. Аднак Вы павінны быць пільнымі.
Вельмі часта следчыя выкарыстоўваюць тактыку "размоваў па душах", пры якіх спрабуюць даведацца дадатковую інфармацыю, якая не датычыць канкрэтнай справы, але мае значэнне для Вас і Вашых сяброў. Тым больш, што следчыя вельмі часта выкарыстоўваюць сведкаў, каб потым перавесці іх у ранг падазраваных ці абвінавачваных. Сачыце за сабой, не агаворвайце сябе і сваіх блізкіх.
Адным з асноўных правілаў правядзення допыту, якое Вы павінныя памятаць заўсёды: пры допыце абавязкова павінен весціся пратакол, у якім адлюстроўваюцца ход і вынікі допыту. Паказанні запісваюцца ад перашай асобы і па магчымасці даслоўна. Пытанні і адказы ў іх запісваюцца ў той паслядоўнасці, якая мела месца пры допыце. У пратаколе павінны быць адлюстраваныя і тыя пытанні ўдзельнікаў допыту, якія былі адведзеныя альбо на якія адмовіўся адказваць дапытваны, з указаннем матываў адводу ці адмовы.
Пасля вольнага аповяду асоба, якая дапытваецца, мае права ўласнаручна запісаць свае паказанні. Пасля заканчэння допыту пратакол прад'яўляецца для прачытання альбо агалошваецца па просьбе дапытванага. Патрабаванні дапытванага ўнесці змены ці дапаўненні падлягаюць абавязковаму выкананню. Факт азнаямлення з паказаннямі і правільнасць іх запісу сведчыцца подпісам у канцы пратакола. Падпісваецца таксама кожная старонка пратакола. Калі ў допыце ўдзельнічаў перакладчык, ён таксама падпісвае кожную старонку пратакола.
Каб лепей арыентавацца ў пытаннях, якія Вам будзе задаваць следчы, трэба ведаць, што ўваходзіць у паняцце паказання сведкі. Такімі, згодна з арт. 94 КПК Рэспублікі Беларусь, з'яўляюцца звесткі, якія паведаміў сведка ў вуснай ці пісьмовай форме на допыце папярэдняга следства, дазнання ці ў судовым паседжанні ў парадку, які рэгулюецца КПК, а таксама пры вытворчасці іншых следчых дзеянняў.
Сведка можа быць дапытаны пра любыя абставіны, якія датычацца справы, у тым ліку пра асобу падазраванага, абвінавачванага, пацярпелага і свае ўзаемаадносіны з імі і іншымі сведкамі. Не могуць з'яўляцца доказамі звесткі, якія паведаміў сведка, калі ён не можа ўказаць крыніцу сваёй дасведчанасці. Апошняе можа служыць выйсцем з цяжкіх, непажаданых пытанняў. Таму адказваць на пытанне следчага можна такім чынам: "Не памятаю, хто мне сказаў, але я чуў, што...".
Правілы паводзінаў пры допыце ў якасці сведкі
Зараз паспрабуем сфармуляваць кароткія правілы паводзін пры допыце Вас у якасці сведкі.
1. Вы павінныя быць выкліканы ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам (позва з указнанем неабходных рэквізітаў). Ні ў якім разе не пагаджайцеся на "размовы па душах" не ў месцах правядзення следства, з асобамі, якія не прадставіліся Вам, без пратаколу і г.д.
2. Перад пачаткам допыту Вас павінны азнаёміць з Вашымі правамі. Памятайце, што Вы маеце права не даваць паказанні суп-раць сваіх блізкіх, членаў сям'і, самога сябе. Вырашыце гэта для сабе і скарыстайце сваё права.
3. Калі Вы не скарысталі права на адмову ад паказанняў, памятайце, што Вы нясеце крымінальную адказнасць за адмову ад дачы паказанняў ці дачу ілжывых паказанняў.
4. Калі Вы лічыце, што Вашы адказы могуць нашкодзіць Вашым сябрам і знаёмым, абярыце адпаведны стыль адказу на пытанні. Не адказвайце на пытанні, якія не датычацца справы, а таксама на пытанні, якія робяць з Вас асабіста падазраванага ў саўдзеле ў злачынстве.
5. Прасачыце, каб ўсе пытанні запісваліся ў пратакол (звярніце ўвагу на першую старонку пратакола, дзе павінны быць указаныя ўсе рэквізіты). Не адказвайце на пытанні без пратакола.
6. Калі Вы адчуваеце, што пытанне для Вас цяжкае, папрасіце следчага занесці яго пісьмова ў пратакол, а потым адкажыце на яго пісьмова.
7. Не губляйцеся, трымайцеся ўпэўнена. Следчыя - добрыя псіхолагі і адразу бачаць, ці можна аказаць псіхалагічны ціск на канкрэтнага чалавека. Няхай яны адчуваюць, што Вы спакойныя і не баіцеся.
Правы і абавязкі пацярпелага
Цяпер азнаёмімся з правамі і абавязкамі пацярпелага. Абодва статусы - сведкі і пацярпелага - з'яўляюцца вельмі блізкімі, хаця і маюць шэраг адрозненняў. Галоўным падабенствам гэтых двух катэгорыяў і тым, што адрознівае іх ад абвінавачванага і падазраванага, з'яўляецца тое, што сведка і пацярпелы нясуць адказнасць за адмову ад дачы паказанняў і дачу загадзя ілжывых паказанняў.
Аднак правы пацярпелага па сваім аб'ёме значна болыныя, чым у сведкі. I гэта зразумела, бо пацярпелы - гэта асоба, якой прадугледжаным крымінальным законам грамадска небяспечным дзеяннем нанесеная фізічная, маёмасная ці маральная шкода, і ў адносінах да якой вынесеная пастанова следства пра прызнанне яе пацярпелай. Па справах аб злачынствах, наступствамі якіх з'яўляецца смерць пацярпелага, правы і абавязкі пацярпелага ажыццяўляюць члены яго сям'і, блізкія сваякі ці законныя прадстаўнікі.
Самае галоўнае, што варта ведаць пра правы пацярпелага - тое, што ён мае права мець свайго прадстаўніка. Прадстаўніком пацярпелага з'яўляюцца асобы, якія ўгаўнаважаныя ўказанымі ўдзельнікамі крымінальнага працэса прадстаўляць іх інтарэсы пры вытворчасці па крымінальнай справе, і ў адносінах да якіх орган, які вядзе крымінальны працэс, вынес пастанову пра прызнанне іх прадстаўнікамі.
Правы прадстаўніка вызначаюцца арт. 59 КПК. Прадстаўнік мае права:
- ўдзельнічаць ва ўсіх следчых і працэсуальных дзеяннях па ягоным хадайніцтве ці хадайніцтве асобы, якую ён прадстаўляе, альбо разам з ёй;
- прадстаўляць доказы, даваць тлумачэнні, знаёміцца з пратаколамі следчых дзеянняў ды іншых працэсуальных дзеянняў, у якіх ён ці ягоны прадстаўнік бралі ўдзел;
- з моманту паведамлення пра заканчэнне папярэдняга следства знаёміцца з крымінальнай справай і выпісваць з яе любыя звесткі, якія яго цікавяць, у любым аб'ёме, а таксама з дазволу следчага рабіць копіі;
- удзельнічаць у судовым паседжанні першай інстанцыі, у тым ліку ў вывучэнні доказаў;
- прымаць удзел у касацыйнай і надзорнай інстанцыях;
- падаваць скаргі на дзеянні органа, які вядзе крымінальны працэс, у тым ліку абскарджваць прысуд ці іншае выніковае рашэнне суда;
- з дазволу таго, каго ён прадстаўляе, перадавяраць прадстаўніцтва.
Правы пацярпелага падобныя да правоў ягонага прадстаўніка, паколькі прадугледжваюць прадстаўленне інтарэсаў самім пацярпелым, без пасярэднікаў. Але ёсць асабістыя правы пацярпелага, якія належаць выключна яму і нікому не перадаручаюцца. Да такіх правоў адносіцца права на атрыманне кампенсацыі за панесеныя страты пры вытворчасці па крымінальнай справе і шкоду, нанесеную органам, які вядзе крымінальны працэс. Таксама права атрымліваць назад маёмасць, якая была ў яго канфіскавана органам, які вядзе крымінальны працэс, у якасці доказаў ці па іншых абставінах; вяртаць маёмасць, канфіскаваную ў асобы, якая здзейсніла злачынства. Акрамя таго, у грамадзянскім парадку пацярпелы мае права патрабаваць кампенсацыі ў судовым парадку нанесеных яму злачынствам матэрыяльных і маральных стратаў, заключаць міравыя пагадненні па справах прыватнага абвінавачання (абраза, паклёп ды інш.). Да абавязкаў пацярпелага адносяцца:
- з'яўляцца па выкліках органа, які вядзе крымінальны працэс;
- даваць паказанні па патрабаванні органа, якія вядзе крымінальны працэс (мае права не сведчыць супраць самога сябе і сваіх блізкіх сваякоў, членаў сям'і);
- прадастаўляць прадметы, якія ён мае, дакументы, а таксама ўзоры для параўнаўчага вывучэння па патрабаванні органа, які вядзе следства;
- падвяргацца агляду ў выпадку здзяйснення супраць яго цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства, амбулаторнай экспертызе для праверкі магчымасцяў правільна даваць і ўспрымаць паказанні па абставінах крымінальнай справы;
- падпарадкоўвацца законным патрабаванням органа, які вядзе крымінальны працэс;
- не разгалошваць звесткі пра абставіны, якія сталі яму вядо-мыя па крымінальнай справе;
Пацярпелы, як і сведка, нясе адказнасць за адмову ад дачы пака-занняў і дачу ілжывых паказанняў.