Абарона сваіх правоў у адміністратыўным працэсе
Уводзіны
Адміністратыўная адказнасць - адзін з найбольш распаўсюджаных відаў юрыдычнай адказнасці. Цяжка знайсці чалавека, які б хоць раз у жыцці не прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці - кожны плаціў штраф за парушэнне правілаў дарожнага руху ці парушэнне правілаў праезду ў грамадскім транспарце. Але не заўсёды адміністратыўная справа вырашаецца так лёгка і бяскрыўдна. У адміністратыўным працэсе прадугледжаныя такія жорсткія меры ўздзеяння, як затрыманне, затрыманне да суда, адміністратыўны арышт, адміністратыўныя штрафы. Гэта трэба мець на ўвазе актывістам грамадскіх і палітычных арганізацыяў, паколькі ў нашай краіне пры-цягненьне да адміністратыўнай адказнасці ўсё часцей робіцца сродкам палітычнага пераследу з боку ўладаў у адносінах да асобаў, што бяруць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
У 1996 годзе да адміністратыўнай адказнасці было прыцягнута каля 1000 палітычных актывістаў, у 1997 годзе - прыкладна каля 800, у далейшым гэты паказчык стабілізаваўся на дадзеным узроўні, але павялічылася колькасць крымінальных справаў. Таму дзеля
таго, каб чалавек мог арыентавацца ў выпадку ягонага затрымання, ён мусіць мець веды пра адміністратыўнае заканадаўства. Веданне сваіх правоў, парадку абскарджання адміністратыўных спагнанняў можа дапамагчы абараніць сябе, свае палітычныя і грамадзянскія правы.
На сённяшні дзень парадак прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці і вызначэнні ўсіх відаў адміністратыўных правапарушэнняў замацаваны ў Кодэксе аб адміністратыўных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (КаАП РБ), што быў прыняты яшчэ ў 1984 годзе. Зразумела, што з таго часу вельмі змяніліся і гра-мадскія адносіны, і прававая база, таму шмат па якіх пазіцыях гэты Кодэкс з'яўляецца састарэлым. 3 1995 года вядзецца праца над двума новымі кодэксамі, якія павінныя замяніць КаАП 1984 года. Гэта будзе Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях (у якім будуць вызначаныя прыкметы ўсіх правапарушэнняў і будуць замацаваныя агульныя нормы, датычныя усіх правапарушэнняў) і асобны Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях (які будзе вызначаць парадак вядзення адміністратыўных спраў, правы ўдзельнікаў адміністратыўнага працэсу, парадак выканання пастаноў аб адміністратыўным спагнанні). Такім чынам, заканадаўцы збіраюцца падзяліць матэрыяльную і працэсуальную часткі гэтай галіны заканадаўства (як гэта зараз ёсць у крымінальнай галіне), адначасова наблізіўшы яго да сучаснага жыцця.
Акрамя згаданай акалічнасці, вывучэнне адміністратыўнага працэсу вельмі складанае яшчэ і таму, што яно ўтрымлівае шмат бланкетных нормаў. Яно спасылаецца на розныя іншыя нарматыўныя акты, у тым ліку і падзаконныя. Напрыклад, каб даведацца, ці парушыў чалавек артыкул 147 КаАП 'Парушэнне правілаў ганддю на рынках', недастаткова ведаць гэты артыкул - трэба яшчэ ведаць і ўказаныя правілы, якія могуць часта змяняцца і быць іншымі на розных рынках. I такіх адсылачных нормаў у КаАП вельмі шмат. Да таго ж, вельмі часта нормы КаАП уступаюць ва ўзаемадзеянне з рознымі іншымі законамі (напрыклад, "Закон аб міліцыі", Грамадзянскі працэсуальны кодэкс) ці падзаконнымі актамі (напрыклад, "Правілы ўтрымання ў спецпрыёмніках-размеркавальніках").
Згодна з арт. 9 КаАП, адміністратыўным правапарушэньнем (праступкам) прызнаецца дзеянне, якое пасягае на дзяржаўны альбо грамадскі парадак, уласнасць, правы і свабоды грамадзян, на ўсталяваны парадак кіравання, супрацьпраўнае, віноўнае (наўмыснае ці не асцярожнае) дзеянне альбо бяздзеянне, за якое заканадаўствам прадугледжана адміністратыўная адказнасць.
Адміністратыўнай адказнасці падлягаюць асобы, якія дасягнулі 16-ці гадоў.
Адміністратыўнае затрыманне
Вельмі часта знаёмства з адміністратыўным працэсам пачынаецца для чалавека з адміністратыўнага затрымання. Адміністратыўнае затрыманне не заўсёды прыводзіць да прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці (напрыклад, магчыма адміністратыўнае затрыманне ў мэтах высвятлення асобы), але прыемнага ў гэтай працэдуры даволі мала. Адміністратыўнае затрыманне заключаецца ў пазбаўленні асабістай волі і дастаўленні асобы ў адпаведнае месца (часцей за ўсё гэта міліцэйскі пастарунак альбо пункт аховы парадку).
Адміністратыўнае затрыманне неабходна адрозніваць ад затрымання крымінальнага - больш жорсткага віда прававога ўздзеяння. Калі Вашае затрыманне звязана з крымінальнай справай -- ні з кім у пастарунку не размаўляйце, не давайце паказанняў і тлумачэнняў, патрабуйце прадастаўлення Вам адваката з моманту затрымання.
Адміністратыўнае затрыманне можа ўжывацца толькі ў адносінах да асобаў, якія дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, паколькі толькі гэтыя асобы могуць быць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці. Гэта не значыць, што міліцыя не можа затрымліваць асоб малодшага ўзросту пры здзяйсненні імі адміністратыўных правапарушэнняў, але гэтая працэдура не можа быць, уласна кажучы, вызначана як адміністратыўнае затрыманне ў поўным сэнсе гэтага слова.
Згодна з арт. 239 КаАП, адміністратыўнае затрыманне дазваляецца ў наступных выпадках:
- у мэтах спынення правапарушэння (калі выкарыстаныя іншыя меры ўздзеяння на правапарушальніка);
- у мэтах высвятлення асобы;
- у мэтах складання пратакола аб адміністратыўным правапарушэнні, калі яго нельга скласці на месцы, а яго складанне з'яўляецца па дадзеным артыкуле КаАП абавязковым (на практыцы міліцыянты ніколі не складаюць пратакол на месцы);
- у мэтах своечасовага і правільнага разгляду адміністратыўнай справы і забеспячэння выканання пастановы аб адміністратыўным спагнанні.
Такім чынам, адміністратыўнаму затрыманню падлягаюць толькі тыя грамадзяне, якія падазраюцца ў здзяйсненні правапарушэння ці не маюць пасведчання асобы. На практыцы, нават пры прад'яўленні пашпарта і адсутнасці прыкметаў правапарушэння міліцыя можа палічыць, што пашпарт выглядае як падробны і затрымаць Вас дзеля высвятлення асобы. Такая практыка з'яўляецца незаконнай, паколькі супярэчыць Закону 'Аб міліцыі' і дазваляе службовым асобам беспадстаўна затрымліваць усіх, каго яны хочуць затрымаць. Таму па такіх выпадках абавязкова трэба пісаць скаргі ў пракуратуру, у суд.
Важны момант - затрыманы павінен разумець, што яго можа затрымліваць асоба, якая мае на гэта права. Таму абавязкова трэба патрабаваць ад міліцыянтаў, каб яны прадставіліся па форме, гэта значыць - назвалі сваё імя, прозвішча і званне. Потым гэтыя дадзеныя могуць спатрэбіцца затрыманаму пры напісанні скаргі. Да таго ж, міліцыянты не адважваюцца на відавочна супрацьпраўныя дзеянні ці збіццё затрыманага, калі той ведае іх прозвішчы і можа напісаць на іх скаргу. Асоба, якую затрымліваюць, таксама мае права патрабаваць прад'яўлення службовага пасведчання, калі яе затрымлівае супрацоўнік у цывільным.
Міліцыя мае права затрымліваць за дробнае хуліганства, парушэнне парадку арганізацыі масавых акцыяў, за непадпарадкаванне патрабаванню супрацоўніка міліцыі і за іншыя правапарушэнні, якія пералічаныя ў пункце 1 артыкула 241 КаАП. Таксама маюць права затрымліваць за асобныя правапарушэнні супрацоўнікі КДБ, памежных войскаў, мытні, ваенізаванай аховы. Але трэба асобна адзначыць, што большасць органаў, якія маюць права складаць пратаколы і разглядаць адміністратыўныя справы па сутнасці, не маюць права затрымліваць правапарушальнікаў (напрыклад, супрацоўнікі дзяржаўнага газавага нагляду, падатковых органаў, санітарнай інспекцыі, прадпрыемстваў і арганізацыяў, суддзі). Таму далей мы будзем казаць пра затрыманне супрацоўнікамі міліцыі, паколькі міліцыянтам дадзеныя найбольш шырокія паўнамоцтвы ў сферы адміністратыўнага затрымання ў мэтах аховы грамадскага парадку.
Супрацоўнікі міліцыі абавязаны растлумачыць затрыманаму матывы затрымання. На жаль, гэтая норма трактуецца нашымі судамі такім чынам, што часам міліцыянт можа сказаць затрыманаму: "Вы затрыманыя за правапарушэнне" - і гэтага будзе дастаткова. Ва ўсялякім выпадку, пры затрыманні трэба патрабаваць ад міліцыянтаў, каб яны растлумачылі, за што Вас затрымліваюць.
Галоўнае правіла паводзінаў пры затрыманні -- трымаць сябе ветліва і карэктна. Калі затрыманы пачне аказваць супраціўленне - гэта стане падставай для выкарыстання спецсродкаў (кайданкі, дубінкі, фізічнае ўздзеянне) і прыцягнення да крымінальнай ці
адміністратыўнай адказнасці за супраціўленне ці непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Таму, калі Вы адчуваеце сабе невінаватым - лепей не супраціўляцца, а ветліва папрасіць растлумачыць Вам Вашы правы як затрыманай асобы.
Пры затрыманні, у адпаведнасці з артыкулам 243 КаАП, супрацоўнікі міліцыі і некаторых іншых органаў маюць права правесці асабісты агляд затрыманага і агляд ягоных рэчаў, багажу. Асабісты агляд робяць асобы таго ж полу ў прысутнасці двух панятых адпаведнага полу. Запрашэнне панятых на агляд адміністратыўна затрыманага з'яўляецца ў Беларусі выключэннем. Часцей за ўсё апошняе патрабаванне закона беспадстаўна ігнаруецца - такія выпадкі трэба адлюстраваць у пратаколе агляду, што робіць сам агляд і ягоныя вынікі незаконнымі.
Агляд рэчаў павінен па магчымасці адбывацца ў прысутнасці іх уладальніка, акрамя выпадкаў, якія не церпяць адкладання. Аб аглядзе складаецца асобны пратакол альбо робіцца адпаведны запіс у пратаколе затрымання альбо ў пратаколе аб адміністратыўным правапарушэнні. Міліцыянты вельмі часта не адлюстроўваюць факт асабістага агляду затрыманага ў пратаколах, хоць гэта робіцца ў 90 адсотках выпадкаў. Артыкул 244 КаАП дазваляе службовым асобам рабіць выманне рэчаў, якія з'яўюцца сродкам здзяйснення правапарушэння альбо непасрэдным аб'ектам правапарушэння. Аб гэтам складаецца пратакол альбо робіцца адпаведны запіс ў іншых пратаколах.
Асобны артыкул КаАП рэгулюе затрыманне і прымусовую адбуксіроўку транспартнага сродка з месца здзяйснення адміністратыўнага правапарушэння на стаянку, якая ахоўваецца - артыкул 244-1 КаАП. Міліцыя таксама мае права на агляд аўтатранспартнага сродка - пра гэта складаецца асобны пратакол. Калі чалавек падазраецца ў кіраванні аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення, супрацоўнікі ДАІ маюць права правесці медыцынскі агляд ці адабраць у правапарушальніка правы кіроўцы.
Тэрмін адміністратыунага затрымання - не болей за тры гадзіны з моманту дастаўкі грамадзяніна ў пастарунак альбо з моманту ягонага працверазення. Калі Вы лічыце, што пры Вашым затрыманні былі парушаныя нормы закона - Вы можыце скарыстаць гэтыя тры гадзіны для напісання скаргі старшыні РУУС, пракурору, у суд (скарга на незаконныя дзеянні супрацоўніка міліцыі).
У пастарунку: складанне пратаколаў
Пасля дастаўкі затрыманага ў пастарунак міліцыянты абавязаны неадкладна прыступіць да складання пратакола аб адміністратыўным правапарушэнні, пратакола аб затрыманні ды іншых прадугледжаных заканадаўствам пратаколаў.
Супрацоўнікі міліцыі па патрабаванні затрыманага абавязаны паведаміць ягоным родным пра ягонае месцазнаходжанне (ч. 2 арт. 240 КаАП), але звычайна яны гэтага не робяць. Справа ў тым, што затрыманыя звычайна патрабуюць даць ім магчымасць патэлефанаваць дадому, але такога права законам не прадугледжана. Да таго ж міліцыянты не абавязаны па ўласнай ініцыятыве тэлефанаваць родным затрыманага - неабходна патрабаванне самога затрыманага. А затрыманы, не ведаючы пра гэту акалічнасць, не можа сфармуляваць сваё патрабаванне дакладным чынам. Гэты прыклад паказвае, наколькі важна для затрыманага ведаць свае правы. Закон патрабуе ад міліцыянтаў, каб яны яму гэтыя правы растлумачылі, у прыватнасці, паведамілі пра змест артыкула 247 КаАП "Правы і абавязкі асобы, якая прыцягваецца да адміністратыўнай адказнасці".
У выпадку затрымання непаўнагадовага (асобы, якая малодшая за 18 гадоў), бацькам абавязкова паведамляецца пра гэта неадкладна. Непаўнагадовых вызваляюць праз 3 гадзіны, перадаюць іх бацькам - праз іх магчыма накіраваць на волю паведамленне, запрасіць адваката. Асобы ад 16 да 18 гадоў таксама вызвяляюцца, але гэта не вызваляе іх ад прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці - іх справы разглядаюцца камісіяй па справах непаўнагадовых пры мясцовых органах выканаўчай улады.
Адзначым, што прэзумпцыя невінаватасці, замацаваная і КаАП, і Канстытуцыяй, дзейнічае ў адміністратыўным працэсе даволі дзіўным чынам: асоба, што прыцягваецца да адміністратыўнай адказнасці, ужо на стадыі складання пратакола аб адміністратыўным правапа рушэнні называецца правапарушальнікам, хоць яе віна яшчэ ніякім чынамне даказаная. Калі Вы - правапарушальнік, памятайце, што ўсё, што Вы скажаце, можа быць выкарыстана супраць Вас. Вы маеце права зусім адмовіцца ад дачы тлумачэнняў. Будзьце гато-выя да незаконных дзеянняў і шантажу з боку міліцыянтаў.
У практаколе затрымання павінны быць пазначаныя: дата і месца напісання, пасада і прозвішча асобы, што складае пратакол, час, месца і падставы затрымання, звесткі пра правапарушальніка. Пратакол падпісваецца тым, хто яго складаў, і даецца на подпіс затрыманаму.
Пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні - галоўны дакумент у адміністратыўным працэсе, бо менавіта ён будзе разглядацца органам, упаўнаважаным разглядаць адміністратыўную справу і выносіць рашэнне аб вінаватасці альбо невінаватасці правапару-шальніка. Таму яго таксама трэба чытаць вельмі ўважліва. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на графу "падстава затрымання", про-звішчы сведкаў і міліцыянтаў, назву і нумар артыкула КаАП ці назву іншага нарматыўнага акта, на які робіцца спасылка. На жаль, беларускае заканадаўства не дае правапарушальніку адназначнага права атрымаць копію пратакола, але ніхто не можа Вам забараніць чытаць яго павольна, запамінаць, рабіць выпіскі.
У пратаколе ёсць асобная графа, у якой правапарушальнік можа выкласці свае заўвагі. Калі яе не хапае для вашых тлумачэнняў - пішыце на асобным аркушы, але абавязкова трэба адзначыць у пратаколе, што вашыя тлумачэнні маюць працяг у дадатку. Ні ў якім разе няварта пагаджаца на прапановы міліцыянтаў выкласці свае заўвагі ў асобнай заяве - яна можа "згубіцца". Калі Вы ведаеце сведкаў, якія могуць даць звесткі на Вашую карысць - варта пазначыць і іх імёны. Яшчэ пажадана пасля заканчэння сваіх тлумачэнняў перакрэсьліць радкі, якія засталіся вольнымі, каб не было магчымасці туды нешта дапісаць. Усе запісы трэба, натуральна, рабіць не алоўкам, а асадкай.
Пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні складаецца пасля пратакола затрымання і павінен адлюстроўваць, згодна з артыкулам 235 КаАП: час і месца напісання, пасаду і прозвішча асобы, якая склала пратакол, звесткі пра асобу правапарушальніка, час, месца і сутнасць правапарушэння, нарматыўны акт, які прадугледжвае адказнасць за гэта правапарушэнне, прозвішчы і адрасы сведкаў і пацярпелых, калі яны ёсць, тлумачэнні правапарушальніка. Могуць запісвацца і іншыя звесткі, у тым ліку іх можа запісваць і сам
правапарушальнік. Пастанова Пленума Вярхоўнага Суда №1 ад 25 сакавіка 1999 года 'Аб практыцы выкарыстання судамі заканадаў ства, якое рэгулюе вытворчасць па справах аб адміністратыўньо правапарушэннях' адзначае, што нядбайна складзеныя пратаколы (у якіх не ўказаны звесткі пра час і сутнасць адміністратыўнага правапарушэння, нарматыўны акт, які прадугледжвае адказнасць за яго, альбо калі пратакол складзены неўпаўнаважанай асобай ці кал грамадзяніну не растлумачаныя ягоныя правы і абавязкі, прадуг леджаныя артыкулам 247 КаАП), не могуць быць падставай для прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці - іх належыць на кіраваць на дапрацоўку.
Таму часам бывае выгодным, заўважыўшы нейкія хібы ў пратаколе, не рабіць адносна гэтага заўвагаў адразу пры складанні пратакола а выказаць іх на судзе - і гэта будзе важкім аргументам на Вашую карысць. Суддзя накіруе пратакол назад у пастарунак на дапрацоўку але час дапрацоўкі пратакола не прыпыняе тэрміна даўніны прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці. Гэта азначае, што, пакуль міліцыя выпраўляе пратакол, два месяцы, адведзеныя для Вашага асуджэння, ідуць, і міліцыя можа проста не паспець зрабіць усё як след.
Вось прыклад з рэальнага жыцця: спадар С. удзельнічаў у выбарчай кампаніі 1999 года і быў затрыманы 16 мая са скрынкай для галасавання на вуліцы. Міліцыя склала на яго пратакол, і прыкладна праз месяц затрыманага выклікалі ў суд. Але спадар С. ведаў, што згодна з арт. 234.1 КаАП РБ, міліцыя не мае права складаць пратакол па арт. 167.3 КаАП РБ (парушэнне заканадаўства аб выбарах), па якім яго абвінавачвалі. Згодна з Пастановай Пленума Вярхоўнага Суда ад 25.03.99 г., калі пратакол складзены не адпаведнай асобай ці органам, такі пратакол вяртаецца назад на дапрацоўку. Гэта і было заяўлена спадаром С., і суддзя быў вымушаны накіраваць пратакол назад у РАУС. Пакуль пратакол накіроўвалі з месца на месца, прайшоў двухмесячны тэрмін, на працягу якога спадара С. можна было прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці. Ён застаўся непакараным. (У 2000 г. Мінгарвыканкам выдаў пастанову, згодна з якой усклаў на супрацоўнікаў міліцыі права складаць пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні па арт. 167.3 КаАП РБ).
Але калі Вы хочаце скарыстаць такі прыём, абавязкова выкажыце сваю нязгоду з пратаколам у графе 'тлумачэнні'. Запішыце: 'З пратаколам нязгодны', але не ўдакладняйце, з чым менавіта Вы нязгодны.
Пасля таго, як правапарушальнік азнаёміцца з пратаколам, яму прапануюць яго падпісаць. Часам можна пачуць словы пра тое, што пратакол, з якім правапарушальнік не згодны, падпісваць не варта -- маўляў, тым самым асоба прызнае сябе вінаватай. На наш погляд, падпісанне пратакола - гэта важная гарантыя захавання правоў асобы, якая прыцягваецца да адміністратыўнай адказнасці. Калі чалавек адмаўляецца падпісаць, напрыклад, пратакол аб затрыманні - яго фактычна можна затрымліваць бясконца, проста перапісваючы пратакол і змяняючы там час затрымання. А вось калі пратакол падпісаны, зрабіць такое будзе цяжэй. Таму, нават калі Вы абсалютна нязгодны са зместам пратакола - выкажыце сваю нязгоду ў самім пратаколе, растлумачце матывы адмовы ад падпісання пратакола, напішыце: 'Вінаватым сябе не лічу, ад падпісання адмаўляюся'. Дарэчы, працэдура адмовы ад падпісання пратакола патрабуе, каб міліцыянты выклікалі панятых і зафіксавалі гэты факт асобным запісам у пратаколе - гэта заўжды патрабуе некаторага часу і дадатковых клопатаў. Таму міліцыянты пагражаюць затрыманым, кажуць, што яны абавязаны падпісаць пратакол. Але адмова ад падпісання пратакола -- права кожнага затрыманага.
Сачыце за тым, каб пратакол адлюстроўваў дзеянні міліцыі. Напрыклад, калі ў пратаколе ёсць запіс: 'Правапарушальніку растлумачаны ягоныя правы і абавязкі ў адпаведнасці з арыкулам 247 КаАП' -- так і павінна быць зроблена на самой справе. Калі Вас збівалі ці рабілі асабісты агляд - запішыце пра гэта ў пратаколе.
Затрыманы мае права азнаёміцца з матэрыяламі справы, у тым ліку з відэаматэрыяламі, і даць адносна іх пісьмовыя тлумачэнні, прадастаўляць доказы, хадайнічаць аб выкліку сведак - пра гэта лепей указаць у пратаколе. Але Вы можаце ўсё гэта рабіць і непасрэдна пад час суда.
На практыцы, пад час масавых палітычных акцыяў і, адпаведна, масавых затрыманняў, часцей за ўсё затрыманні ажыццяўляюцца шляхам 'хапуна'. У гэтым выпадку ў РАУС пачынае працаваць 'канвеер' -- адзін затрымлівае, другі піша рапарт, трэці піша пратакол затрымання, чацвёрты - пратакол аб правапарушэнні. Тут значна ўзрастае верагоднасць памылак, і гэтым трэба карыстацца - сачыце за недакладнасцямі ў дакументах, якія складаюць міліцыянты. Гэта потым можа Вам спатрэбіцца пад час суда.
Калі ў Вас забралі рэчы, дакументы, грошы - патрабуйце складання пратакола вымання альбо адлюстравання факту вымання ў пратаколе затрымання. Як мы ўжо адзначалі вышэй, менавіта пры афармленні гэтай працэдуры міліцыянты дапускаюць болей за ўсё
парушэнняў закона. Сачыце за тым, каб забраныя рэчы апісваліся дакладна і падрабязна, напрыклад, каб указваўся намінал і нумар купюраў - гэта важна, паколькі ніякі рэчавы доказ не знікае ў міліцыі так часта, як грошы. Аднак, на наш погляд, міліцыя ўвогуле не мае права адымаць у людзей іх прыватныя рэчы, паколькі КаАП дазваляе выманне толькі тых рэчаў, якія з'яўляюцца сродкам здзяйснення правапарушэння альбо непасрэдным аб'ектам правапарушэння. Хіба ж можна аднесці да гэткіх аб'ектаў асадкі, гадзіннікі, нататнікі, грошы?
Артыкул 242 КаАП дазваляе затрымліваць людзей і больш за 3 гадзіны -- за парушэнне парадку правядзення мітынгаў, дробнае хуліганства і іншыя правапарушэнні, за якія ў якасці меры адміністратыўнага пакарання прадугледжаны адміністратыўны арышт (арт. 156, 167.1 КаАП РБ) - да разгляду справы ў судзе. У гэтым выпадку Вас могуць перавесці з памяшкання для затрыманых у спецпрыёмнік-размеркавальнік. Такім чынам, калі Вас затрымалі ў пятніцу - будуць трымаць да панядзелка, паколькі ў суботу і нядзелю суд не працуе. Фактычна, пытанне пра тое, адпускаць ці не канкрэтнага чалавека да разгляду справы судом, вырашаецца начальнікам аддзела міліцыі, які накіроўвае 'адміністратыўны матэрыял' таму органу, які павінен яго разглядаць.
Аднак у 2002 годзе пасля акцыі "Так жыць нельга" суддзі, якія разглядалі адміністратыўныя справы затрыманых удзельнікаў несанкцыянаванага шэсця, на нашу думку, дапусцілі парушэнне арт. 242 КаАП РБ. Як было сказана вышэй, за парушэнне арт. 167.1 КаАП РБ асоба можа быць затрыманая да разгляду справы судом. Раней асобы затрымліваліся менавіта "да разгляду справы судом", г.зн. - да моманту перадачы адміністратыўных матэрыялаў у суд і прыняцця апошнім іх да вытворчасці. Такім чынам, калі Вас затрымалі ў пятніцу і прывезлі ў суд у панядзелак (субота і нядзеля - непрацоўныя дні), і Вы заяўляеце хадайніцгва пра адваката ці ўзнікла неабходнасць выклікаць дадатковых сведкаў, суддзя звычайна пераносіў працэс на іншы дзень, а правапарушальніку выпісвалася судовая позва з указаннем даты, калі ён мусіць з'явіцца ў суд. Правапарушальніка адпускалі дадому. У 2002 годзе ў шматлікіх выпадках суддзі сваімі рашэннямі пры такіх самых абставінах пераносілі працэсы, але затрыманых накіроўвалі ў спецпрыёмнік. Людзі знаходзілася там па 4-5 дзён. Пры гэтым суддзі і пракуроры трактавалі тэрмін "да разгляду справы судом" як разгляд па сутнасці, г.зн. канец вытворчасці.
Але ў такім выпадку, колькі можа цягнуцца затрыманне да суда? Тры дні з моманту паступлення пратакола ў суд (тэрмін згодна з КаАП РБ для разгляду спраў па арт. 167.1 КаАП РБ) ці 15 сутак (максімальны тэрмін арышту)? На жаль, ні Канстытуцыйны, ні Вярхоўны суды, ні Палата Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь так і не далі афіцыйнага тлумачэння дадзенага артыкула па запытах ГА "Праваабарончы цэнтр "Вясна".
Мы лічым гэтую практыку цалкам незаконнай, парушаючай правы грамадзянаў, у тым ліку - канстытуцыйнага права на абарону, паколькі ўдзел адваката ў адміністратыўным працэсе прадугледжваецца толькі на этапе разгляду справы (а не на пяпярэдніх этапах, як у крымінальным працэсе). Правапарушальнік пазбаўляецца магчымасці знайсці адваката. У такім выпадку неабходна патрабаваць ад суддзі выканання гарантаванага Вам арт. 62 Канстытуцыі права ' на абарону і абскарджваць ягоныя дзеянні ў вышэйстаячых судах і органах пракуратуры.
Усе факты парушэнняў пад час складання пратакола, агляду і вымання рэчаў можна абскарджваць старшыні РАУС, пракурору, у суд. Калі пад час затрымання ці знаходжання ў пастарунку Вас збівалі, і Вы атрымалі пашкоджанні - зафіксуйце іх, вазміце даведку
ў бліжэйшай медыцынскай установе. Памятайце: калі Вам зрабілася кепска - міліцыянты абавязаны выклікаць "хуткую дапамогу".
Разгляд справы аб адміністратыўным правапарушэнні
Справы аб адміністратыўных правапарушэннях разглядае альбо суд ніжэйшага ўзроўню (у раённых судах звычайна ёсць суддзі па адміністратыўных справах і выканаўчай вытворчасці), альбо іншыя органы, пералічаныя ў главе 6 КаАП: адміністратыўныя камісіі пры выканаўчых камітэтах і яшчэ каля 50 відаў дзяржаўных органаў і іх службовых асобаў. Звычайна справа разглядаецца па месцы здзяйснення правапарушэння.
Як мы ўжо адзначалі, пастанова аб прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці можа быць вынесеная судом ці іншым органам толькі на працягу двух месяцаў з моманту здзяйснення правапарушэння. Але памятайце, што гэты тэрмін дадзены заканадаўствам на
ўсе стадыі адміністратыўнага працэса. Таму Вас могуць выклікаць у суд на працягу 2-х месяцаў нават і тады, калі Вас не затрымлівалі, не складалі пратаколаў і ўвогуле, здавалася б, ніхто не падазраваў Вас у здзяйсненні правапарушэння.
Справы аб адміністратыўных правапарушэннях слухаюцца адкрыта - гэта значыць, у судзе ці любым іншым органе мае прав, прысутнічаць любы грамадзянін. На практыцы суддзя пытаецца ў прысутных: 'Хто вы?'. Няхай Вашы знаёмыя адказваюць, што яны - публіка. На суд абавязкова трэба запрашаць знаёмых ці сведкаў. На жаль, часта працэсы па адміністратыўных справах адбываюцца ў цесных пакойчыках, дзе няма магчымасці змясціць шмат публікі, але ў любым выпадку трэба прадухіліць правядзенне закрытага працэса.
Па агульным правілы, усе справы аб адміністратыўных правапарушэннях павінны разглядацца ў прысутнасці правапарушальніка. Разгляд справы ў ягонай адсутнасці дазваляецца толькі тады, калі маюцца дадзеныя аб тым, што яму своечасова паведамілі пра час месца разгляду справы - гэта значыць, калі яму ўручана позва пад роспіс. Але адміністратыўныя справы па артыкулах, пералічаных у частцы 2 артыкула 247 КаАП, разглядаюцца выключна ў прысутнасці правапарушальніка.
Затрыманы можа быць дастаўлены ў суд непасрэдна з РАУС ці спецразмеркавальніка. Але ён можа быць вызвалены, а потым выкліканы ў суд позвай, якую ён павінен атрымаць пад роспіс ад супрацоўніка пошты ці ўчастковага. Калі грамадзянін не з'явіцца без уважлівай прычыны ў суд па справе, у якой прысутнасць пра вапарушальніка абавязковая, то суддзя мае права аформіць прымусовы прывод. Не трэба баяцца слова 'прывод' - яно азначае толькі тое, што да Вас дадому прыйдзе міліцыянт і павядзе Вас у суд.
Правапарушальнік мае права заявіць адвод суддзі - калі лічыць што той проста ці ўскосна зацікаўлены ў вырашэнні справы. Па палітычна матываваных справах адводы суддзі - рэч звычайная але іх ніколі не задавальняюць.
Памятайце, што Вы маеце права ў судзе азнаёміцца з матэрыяламі справы (гэта значыць - перачытаць усё, што ёсць у справе) выкласці ўсе магчымыя доказы ў сваю абарону - хадайнічаць аб выкліку сведак, аб далучэнні да справы рэчавых доказаў і дакументаў, прыцягнуць экспертаў ці спецыялістаў для правядзення, на прыклад, экспертызы далучаных да справы фотаздымкаў. Гэта важна, бо калі Вы не зробіце гэтага -- судовы працэс будзе праходзіць толькі па тых матэрыялах, якія прадставяць супрацоўнікі міліцыі. На жаль, аб'ектыўнасці ад нашых судоў чакаць не варта - яны звычайна настроеныя на абвінавачанне. Але часам, калі ў выніку добра пабудаванай абароны будзе даведзена сумніўнасць абвінавачання, суд можа прыняць аб'ектыўенае рашэнне і апраўдаць невінаватую асобу.
Трэба карыстацца правам апытваць сведку. Правапарушальнік, калі справы ідуць 'канвеерам', часам можа злавіць сведак-міліцыянтаў на хлусні - сведкі даюць паказанні паасобку, таму не пра ўсё яны могуць дамовіцца паміж сабой. Пры апытанні сьведак (як са свайго боку, так і з боку міліцыянтаў) варта памятаць, што сведкі па адміністратыўных справах не нясуць адказнасці за адмову ад паказанняў і наўмысна ілжывыя паказанні. Гэта можна скарыстаць на сваю карысць, калі правапарушальнік адмаўляе сваю віну. У судзе абавязкова павінен весціся пратакол судовага паседжання.
Правапарушальнік мае права патрабаваць перакладчыка і заявіць у працэс у якасці абаронцы адваката. Адзначым, што адвакат мае права ўдзельнічаць не толькі ў разглядзе справы судом ці іншым органам, але і на іншых стадыях адміністратыўнага працэса, напрыклад, пад час азнаямлення правапарушальніка з матэрыяламі справы.
Замест адваката абарону правапарушальніка пад час разгляду справы ў судзе (альбо ў іншым органе, які ўпаўнаважаны разглядаць адміністратыўную справу) можа ажыццяўляць прадстаўнік - ім можа быць любы грамадзянін. Калі правапарушальнік на пачатку працэса заявіць, што 'прысутны тут грамадзянін А. будзе маім прадстаўніком' - суд, у адпаведнасці з арт.62 Канстытуцыі, не мае права ў гэтым адмовіць. Пра гэта гаворыць пункт 5 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда РБ 'Аб практыцы выкарыстання судом заканадаўства, якое рэгулюе вытворчасць па справах аб адміністратыўных правапарушэннях'. Прадстаўнік павінен мець пашпарт. У Мінску апошнім часам суддзі не адмаўляюцца дапускаць у працэс прадстаўніка, але ў іншых гарадах гэта яшчэ з'яўляецца распаўсюджанай практыкай, таму прадстаўнік павінен мець і копію згаданай
пастановы Пленума Вярхоўнага Суда. У якасці прадстаўніка, калі ёсць магчымасць, варта запрасіць прадстаўніка праваабарончай арганізацыі.
Калі суд ці іншы ўпаўнаважаны орган прызнае правапарушальніка невінаватым у здзяйсненні адміністратыўнага правапарушэння - справа спыняецца, і лічыцца, што грамадзянін не прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці.
Калі суд ці іншы ўпаўнаважаны орган прызнае правапарушальніка вінаватым у здзяйсненні адміністратыўнага правапарушэння, яму адначасова прызначаецца адна з мераў адміністратыўнага спагнання - папярэджанне, штраф альбо адміністратыўны арышт. Папярэджанне не выкарыстоўваецца ў адносінах да асобаў, якія прыцягваюцца да адміністратыўнай адказнасці паўторна -- гэта значыць, на працягу года з таго часу, як у адносінах да іх была вынесеная іншая пастанова аб прызнанні вінаватым у здзяйсненні адміністратыўнага правапарушэння.
Пастановы па артыкулах асаблівай часткі КаАП, за парушэнні якіх прадугледжаны адміністратыўны арышт, можа выносіць толькі суд.
Калі Вас прызналі правапарушальнікам - гэта значыць, што вы здзейснілі праступак - наўмыснае ці неасцярожнае дзеянне альбо бяздзеянне, за якое прадугледжаная адміністратыўная адказнасць. Гэтая адказнасць можа быць зафіксаваная і ў нейкім падзаконным акце, але ў рашэнні абавязкова павінна быць спасылка на артыкул КаАП, які хаця б спасылаецца на гэты падзаконны акт.
Пастанова аб накладанні адміністратыўнага спагнання павінна мець усе неабходныя рэквізіты ў адпаведнасці з арыкулам 261 КаАП. Пастанова агучваецца асобе, у адносінах да якой яна вынесена, а копія ўручаецца ёй на працягу трох дзён. Калі правапарушальнік не прысутнічаў пад час разгляду справы, копія пастановы высылаецца яму па пошце.
Абскарджанне пастановы аб адміністратыўным правапарушэнні
Калі адміністратыўную справу разглядае не суд, а іншы дзяржаўны орган ці службовая асоба, прынятае рашэнне не з'яўляецца канчатковым, яно можа быць абскарджана ў вышэйшы орган ці вышэйшай службовай асобе. Такое абскарджанне прыпыняе выкананне рашэння па адміністратыўнай справе. Скарга падаецца ў той орган, які вынес рашэнне. Гэты орган альбо службовая асоба абавязаны перадаць скаргу ў орган, які правамоцны яе разглядаць. Дзяржпошліна па такіх скаргах не спаганяецца. Але эфектыўнасць такіх скарг мізэрная.
Больш эфектыўным і паспяховым з'яўляецца абскарджанне рашэння па адміністратыўнай справе ў суд. Такім чынам можна абс карджваць любое рашэнне несудовага органа па адміністратыўным матэрыяле, нават не трэба карыстацца апісаным вышэй абскарджаннем у вышэйшы несудовы орган. Дзяржаўная пошліна па такіх скаргах не спаганяецца, а эфектыўнасць вельмі высокая. Прынамсі, па справах, што не маюць палітычнага падтэксту, суддзі вельмі часта адносяцца крытычна да матэрыялаў, якія прадастаўляюцца з боку міліцыі, спыняюць справу вытворчасцю альбо накіроўваюць пратаколы на дапрацоўку. Такім чынам, напрыклад, калі асобу не задавальняе пастанова, прынятая адміністратыўнай камісіяй выканкама, лепей не марнаваць час і не пісаць скаргу ў мясцовы выканаўчы камітэт, а адразу звяртацца ў суд. Для напісання скаргі належным чынам мэтазгодна пракансультавацца ў мясцовай праваабарончай арганізацыі.
Калі ж вашая справа па першай інстанцыі была вырашаная судом - такое рашэнне з'яўляецца канчатковым і не падлягае касацыйнаму абскарджанню.
Але ў той жа час можна напісаць наглядную скаргу (на імя старшыні) у вышэйстаячы суд, а потым - у Вярхоўны суд. Таксама наглядная скарга можа быць пададзеная ў раённую ці вышэйшую пракуратуру для апратэставання рашэння. Але такая скарга таксама не прыпыняе выканання судовага рашэння.
Апошні сродак для абскарджання, калі выкарыстаныя ўсе магчымыя шляхі для перагляду справы на нацыянальным узроўні - падаць скаргу ў камісію па правах чалавека ААН. Разгляд будзе працягвацца 2-3 гады, але ёсць выпадкі станоўчага рашэння на справах.
Выкананне пастановы па справе аб адміністратыўным правапарушэнні
Пастанова суда аб накладанні адміністратыўнага спагнання падлягае неадкладнаму выкананню, паколькі яна набывае сілу з моманту абвяшчэння. Але тэрмін даўніны выканання - 3 месяцы. Гэта значыць, што калі за тры месяцы пасля яе абвяшчэння выкананне пастановы не пачалося - яна губляе сілу. Напрыклад, калі прынятая пастанова аб накладанні адміністратыўнага арышту не была выкананая на працягу трох месяцаў з моманту абвяшчэння -- яна ўжо не можа быць выкананая.
Натуральна, што пастанова аб папярэджанні не патрабуе нейкай асаблівай вытворчасці па яе выкананні.
Калі прысуджаны адміністратыўны штраф - правапарушальніку даецца 15 дзён для добраахвотнага выканання пастановы і выплаты штрафу. У гэты час не дазваляецца ажыццяўленне якіх-небудзь дзеянняў па прымусовым спагнанні штрафу. Калі ў гэты пятнаццацідзённы тэрмін судовы выканаўца спрабуе апісаць маёмасць аштрафаванага - такія дзеянні з'яўюцца незаконнымі.
Невялікія адміністратыўныя штрафы (якія накладаюцца на месцы правапарушэння службовымі асобамі) могуць сплочвацца на месцы.
Асобам ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў таксама можа быць дадзены штраф, калі яны маюць уласныя крыніцы даходу. Але калі яны здзейснілі дробнае хуліганства, наўмыснае пашкоджанне вайсковага білета ці няяўку ў ваенкамат - адміністратыўны штраф накладаецца на бацькоў.
Памеры штрафаў вагаюцца ад 0,1 да 300 базавых адзінак, а для службовых асобаў - да 500. Штраф выплочваецца праз банк пералікам на рахунак суда.
Калі аштрафаваны не сплаціў грошы ў пятнаццацідзённы тэрмін - спагнанне накладаецца на заробак ці прыраўнаваны да заробка прыбытак (стыпендыя, пенсія ды іншыя рэгулярныя даходы). Нават калі штраф складае 300 базавых адзінак, а стыпендыя - 13 тысяч, штраф ўсё роўна павінен сплочвацца са стыпендыі, нягледзячы на тое, што такімі тэмпамі спагнанне будзе ажыццяўляцца шмат гадоў. Да заробка і іншых рэгулярных даходаў не прыраўняныя разнастайныя кампенсацыйныявыплаты, выходныя, чарнобыльскія і дзіцячыя дапамогі. Спагнанне штрафу выконвае па патрабаванні судовага выканаўцы (які працуе пры судзе па месцы жыхарства аштрафаванага) бухгалтэрыя па месцы працы даўжніка ў адпаведнасці з выканаўчым лістом. Скаргі на парушэнні ў дзеяннях судовага выканаўцы можна падаваць і старшыні таго суда, пры якім працуе судовы выканаўца, і таму органу, які наклаў адміністратыўнае спагнанне.
3 заробка правапарушальніка ў месяц нельга вылічваць больш за 20% агульнага даходу (бярэцца ў разлік сума пасля выплаты падаткаў). Калі ж бухгалтар мае некалькі выканаўчых лістоў на аднаго чалавека, нават па адной справе - дазваляецца вылічваць да 50%. На практыцы судовы выканаўца ўлічвае вядомыя яму даходы. Калі чалавек працуе на некалькіх працах, цалкам магчыма, што судовы выканаўца, даведаўшыся пра адну крыніцу даходу, не стане шукаць іншых.
Калі наглядная інстанцыя адмяняе пастанову аб спагнанні адміністратыўнага штрафу - выплачаныя сумы павінны быць вернуты даўжніку. Таму трэба захоўваць квіткі на выплачаныя ў лік штрафу сумы.
Калі аштрафаваны не мае заробку - спагнанне накладаецца на маёмасць, г зн., на асабістыя рэчы, агульную маёмасць сям'і (дзеля гэтага трэба правесці падзел маёмасці), рахункі ў банку.
Грамадзянскі працэсуальны кодэкс утрымлівае спіс рэчаў, на якія спагнанне не распаўсюджваецца - гэта мінімум, неабходны для нармальнага існавання асобы: адзенне, ежа, мэбля і іншыя рэчы.
Калі спагаанне накладаецца на маёмасць, судовы выканаўца робіць вопіс (арышт) маёмасці даўжніка. Гэтая працэдура праводзіцца ў будні дзень, у працоўны час, у прысутнасці аштрафаванага і двух панятых. Калі аштрафаваны не можа прысутнічаць, дазваляецца рабіць вопіс у прысутнасці прадстаўніка ЖЭСа ці выканкама. Пры ажыццяўленні вопісу судовы выканаўца сыходзіць з таго, што ўся маёмасць у памяшканні (пакоі), якое займае даўжнік, належыць даўжніку. Таму ў практыцы выканаўчае вытворчасці вельмі часта адбываюцца спрэчкі наконт таго, што судовы выканаўца арыштаваў маёмасць, якая не належыла даўжніку, а проста захоўвалася ў ягоным памяшканні. Адзначым, што судовы выканаўца пад час вопісу ацэньвае маёмасць прыблізна - ён жа не ведае, колькі грошай будзе атрымана ад продажу кожнай з рэчаў. Таму судовы выканаўца звычайна апісвае болей рэчаў, чым выносіць. Астатнія застаюцца пад арыштам (іх нельга прадаваць ці знішчаць), але не пакідаюць кватэры даўжніка, і імі можна карыстацца.
Пад час вопісу аштрафаваны мае права ўказаць рэчы, на якія, па яго меркаванні, можа быць накладзены арышт у першую чаргу. Выніковым дакументам вопісу з'яўляецца акт вопісу. Ён павінен рабіцца такім чынам, як гэта вызначана ў "Інструкцыі аб выканаўчай вытворчасці", зацверджанай міністэрствам юстыцыі яшчэ ў 1985 годзе, і артыкулам 505 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса. Акт вопісу складаецца судовым выканаўцам і падпісваецца прысутнымі асобамі.
Арыштаваная маёмасць прадаецца судовым выканаўцам праз аукцыёны ці камісійныя крамы.
Выкананне пастановы суда аб адміністратыўным арышце ажыццяўляецца неадкладна - калі суд не дае адтэрміноўкі па нейкіх паважных прычынах, правапарушальніка накіроўваюць адбываць адміністратыўны арышт непасрэдна з залы суда. Час адміністратыўнага затрымання залічваецца ў тэрмін арышту. Тэрмін арышту вызначаецца ў межах 3-15 сутак, але калі чалавек мае некалькі пастаноў аб арышце - ён павінен адбываць іх па чарзе. Заробак па асноўным месцы працы пад час арышту не выплочваецца, а саміх арыштаваных, па іх жаданні, могуць прыцягваць да грамадска-карыснай працы.
Арыштаваныя адбываюць тэрмін арышту ў спецыяльных прыёмніках альбо, у некаторых выпадках, у ізалятарах часовага ўтрымання - у асобных камерах. 3 арыштаваных спаганяецца кошт пражывання і харчавання за час арышту. Пры паступленні чалавека ў спецпрыёмнік адбываецца рэгістрацыя і запіс у спецыяльным журнале, праводзіцца асабісты і медыцынскі агляд, выманне грошай і рэчаў. Арыштаваных фатаграфуюць і бяруць у іх адбіткі пальцаў. На кожнага арыштаванага ў спецпрыёмніку заводзіцца асабістая справа. Адміністрацыя абавязаная на працягу 24 гадзін паведаміць родным арыштаванага пра ягонае месца знаходжання.
Арыштаваныя таксама маюць правы, таму варта патрабаваць азнаямлення з "Палажэннем аб спецыяльных прыёмніках пры органах МУС" (зацверджана загадам МУС 18 кастрычніка 1999 г., №206), у якім гэтыя правы замацаваныя. Арыштаваныя маюць права раз на тыдзень мыцца ў лазні ці прымаць душ, карыстацца сродкамі індывідуальнай гігіены, харчавацца тры разы ў дзень, мець індывідуальнае спальнае месца, карыстацца акулярамі, лекамі, тытунёвымі вырабамі, мець асадку і паперу, пісаць скаргі начальніку ўстановы, пракурору, чытаць газеты, часопісы, кнігі. Пералічаныя рэчы і дадатковыя прадукты харчавання арыштаваныя маюць права атрымліваць ад сваіх родных.
У адпаведнасці з рэжымам, забароненае сумеснае ўтрыманне здаровых арыштаваных з тымі, у якіх выяўлены інфекцыйныя захворванні. Мужчыны і жанчыны ўтрымліваюцца асобна.
На жаль, умовы ў беларускіх спецпрыёмніках не адпавядаюць нормам і з'яўляюцца зневажальнымі для людзей. Міжнародным назіральнікам не дазваляюць наведваць гэтыя ўстановы. Непрыстасаваныя камеры часта робяцца прычынай таго, што арыштаваныя часта адчуваюць сабе кепска. У такіх выпадках варта патрабаваць выклікаць "хуткую дапамогу" - адміністрацыя спецпрыёмніка не мае права адмовіць у гэтым. Таксама адміністрацыя ў неабходных выпадках павінна даставіць хворага ў стацыянар, але пасля вызда-раўлення яго зноў могуць размясціць у спецпрыёмнік для канчатковага адбыцця арышту.