На знак пратэсту супраць цэнзуры Мікалай Воран адмовіўся ад запісу на радыё
У сувязі з нявыхадам свайго выбарчага выступу на тэлебачаньні кандыдат ад Партыі БНФ у Гародні Мікалай Воран адмовіўся ад запісу на радыё.
21 верасьня гледачы так і не пабачылі ў этэры фронтаўскага кандыдата. У запісе выступу Мікалай Воран закрануў тэму рэфэрэндуму і заклікаў выбарцаў сказаць “не” Лукашэнку.
Кіраўнік гарадзенскай тэлерадыёкампаніі спадар Пярцоў у пісьмовым адказе паабяцаў кандыдату этэр толькі пры ўмове, калі той прывядзе свой тэкст “у адпаведнасьць з заканадаўствам РБ”. Але кандыдат ня лічыць, што парушыў закон, і не зьбіраецца чыніць самацэнзуру.
Старшыня акруговай камісіі Ўладзімер Хлябіч, да якога кандыдат зьвярнуўся са скаргай, сказаў, што пытаньне вырашальнае і паабяцаў разабрацца. На днях Мікалай Воран атрымаў ад яго ліст, у якім паведамляецца, што акруговая камісія накіравала запыт да гарадзенскай тэлерадыёкампаніі і чакае адказу.
“Звычайная адпіска, ніякаг а тэлеэтэру я не атрымаю, — адзначыў спадар Воран. — Рабіць запіс на радыё бэссэнсоўна, бо адбудзецца тое ж, што і з тэлевізіяй”.
Мікалай Воран падаў на імя старшыні акруговай камісіі заяву аб тым, што ў сувязі з пазбаўленьнем яго права тэлеэтэру ён адмаўляецца ад выступу на радыё.
Прэс-група Партыі БНФ