viasna on patreon

Кандыдату БНФ у Сьветлагорску не даюць дазволу на пікеты і адцэнзуравалі яго праграму

2004 2004-10-04T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кандыдат ад Партыі БНФ у Сьветлагорску Віктар Раманішка зьвярнуўся са скаргай у ЦВК з нагоды адмоваў мясцовых уладаў вызначыць месцы для правядзеньня агітацыйных пікетаў. Другая скарга, накіраваная кандыдатам у ЦВК, а таксама гарадзкую пракуратуру і акруговую камісію, выкліканая цэнзурай, пад якую трапіла яго праграма пры друку ў афіцыйнай газэце.
Месцы для пікетаваньня ў Сьветлагорску, як паведаміў Віктар Раманішка, ня вызначаныя наогул. На ўсе спробы дамагчыся законнага права праводзіць агітацыю, ладзячы пікеты, у выканкаме патрабуюць падаваць заяўкі за 15 дзён, як гэта робіцца, калі замаўляюцца вулічныя акцыі. На аргумэнты, што ў іншых гарадах, напрыклад Менску, для выбарчых пікетаў вызначана больш за сотню месцаў і там кандыдаты ўжо ва ўсю праводзяць агітацыю, намесьнік галоўнага ідэёлага выканкаму Ўладзімер Кукар адказаў: “Ну ў Менску можа і так, а ў нас будзе вось так”.
Цікавая акалічнасьць: спадар Кукар зьяўляецца намесьнікам старшыні акруговай выбарчай камісіі, і ніхто іншы, як ягоная непасрэдная начальніца, галоўны ідэёлаг Сьветлагорску Валянціна Кавалёва, балятуецца па Сьветлагорскай акрузе № 48 разам з фронтаўскім кандыдатам.
“Мы з кандыдаткай-камуністкай Сьвятланай Міхальчанка будзем падаваць скаргу, што ўлады шырока агітуюць на прадпрыемствах за свайго прадстаўніка Валянціну Кавалёву, — адзначыў Віктар Раманішка. — На ўсемагчымых інфармацыйных часах, на днях тэхнікі бясьпекі яны выкарыстоўваюць гэтыя магчымасьці. Ёсьць ужо вусны загад дырэктара сьветлагорскага “Хімвалакна”, каб усе кіраўнікі падразьдзяленьняў заводу агітавалі людзей галасаваць за Кавалёву. Відавочна, што ўладным кандыдатам не патрэбныя ні пікеты, ні сустрэчы з выбаршчыкамі”.
Спадар Раманішка паведаміў таксама, што газэта “Сьветлагорскія навіны”, друкаваны ворган гарвыканкаму, скараціла і сказіла тэкст ягонай праграмы. “Рэжым Лукашэнкі” зьмянілі на “дзеючага п рэзыдэнта”, а абзац супраць рэфэрэндуму абрэзалі. У ім кандыдат зазначаў, што размова ідзе не аб трэцім тэрміне як такім, а аб тым, што пасьля трэцяга будзе чацьвёрты, пяты і ў выніку мы атрымаем не прэзыдэнта, што выбіраецца народам, а дэспатычнага манарха. І што спробам Аляксандра Лукашэнкі неабходна сказаць “не”.
“Такія чыноўнікі, як рэдактар газэты, баяцца ўласнага ценю, як бы чаго ня выйшла і проста перастрахаваліся”, — зазначыў Віктар Раманішка.
Па неправераных дадзеных, праграмы кандыдатаў рэдагавала тая ж самая Валянціна Кавалёва, ужо ў якасьці ідэёлага выканкаму.
Нечаканасьці ўзьніклі і пры друку ўлётак, якія Віктар Раманішка замовіў у рэчыцкай дзяржаўнай друкарні — камунальным паліграфічным унітарным прадпрыемстве “Тытул”. “Калі мы ўзгаднялі аплату, то кошт быў адзін, — кажа Віктар Раманішка. — А праз дзень яны павялічылі яго ў два разы, і мне давялося зьменшыць наклад у два разы. Калі ў мяне было замоўлена 20 тысячаў улётак, то цяпер я магу на тую суму надрукаваць толькі 10 тысячаў. Я думаю, што гэта зроблена наўмысна”.
Некалькі дзён таму, калі Віктар Раманішка езьдзіў у Гомель замаўляць плякаты, ягоную машыну двойчы спынілі і абшукалі даішнікі — па дарозе туды і назад. У першым выпадку спаслаліся на зьвесткі, што ў гэтай машыне едуць бандыты. У другім выпадку ўжо іншыя даішнікі прызналіся, што “наводка” паступіла з абласнога ДАІ.
У панядзелак, 4 кастрычніка, Віктар Раманішка зьбіраецца атрымаць у друкарнях выбарчыя плякаты і ўлёткі. Паводле словаў кандыдата, зважаючы на такія ператрусы, у яго ёсьць падставы засьцерагацца канфіскацыі сваіх агітацыйных матэрыялаў.

Прэс-група Партыі БНФ

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства