Суд над штотыднёвікам беларусаў у Польшчы „Ніва”
Пры канцы верасня членаў Управы Праграмнай Рады Тыднёвіка „Ніва” абвінавацілі ў парушэнні закону аб рахункаводстве. Пяці членам Управы ставіцца закід у нязгодным з законамі выдаткаванні датацыі на выдавецкую дзейнасць. Дакладнага зместу гэтага абвінавачання без юрыдычных і бухгалтарскіх ведаў немагчыма прыблізіць, але ў вялікім скарачэнні выглядае гэта так, што члены Управы вінаватыя ў тым, што бухгалтарка не запоўніла ці дрэнна запоўніла нейкія дакументы. Ад самага пачатку, калі пачалася акцыя Найвышэйшай кантрольнай палаты ў рэдакцыі „Нівы”, вядома было, што шукаюцца падставы для нейкага скандалу. А калі дзяржаўная ўстанова шукае, заўсёды можа нешта знайсці. Як гаварыў сталінскі пракурор: „Пакажыце мне чалавека, а адпаведны закон знойдзецца”. Удар па „Ніве” быў дасканала запланаваны і па ўсім відаць у ім інтэлект прафесійных правакатараў.
Пасля аб’яўлення вынікаў усеагульнага перапісу насельніцтва ад 2002 г. (амаль 50 тыясч польскіх грамадзян назвала сябе беларусамі) мясцовыя нацыяналісты прыйшлі да вываду, што працэс асіміляцыі беларусаў моцна прытармазіўся і трэба яму паспрыяць адміністрацыйна-рэпрэсіўнымі метадамі. Спачатку кінуліся яны на „Ніву”, якую палічылі найбольш стабільным фактарам, спрыяючым захаванню беларускай тоеснасці. Пасля паўтарамесячных пошукаў у ніўскіх дакументах функцыянерам беластоцкай Дэлегатуры НІК Робертам Скварко, улады гэтай установы, якія ўзначальвае дырэктар Антоні Янухта, пачалі інфамацыйную вайну супраць „Нівы”, а пасля паведамілі пракуратуру ў парушэнні шматлікіх законаў кіраўніцтвам Праграмнай Рады. Форма і змест дакументаў дасланых Дэлегатурай НІК паказвае, што выдавецкая дзейнасць Праграмнай Рады пагражае бюджэтам польскай дзяржавы, ваяводскага і гарадскога самаўрадаў. Ваяводскі самаўрад даў нам, напрыклад, адну тысячу злотых на выданне адной кніжкі.
Другая атака з боку НІК пайшла на школы, у якіх як прадмет вывучаецца беларуская мова. У кантраляваных школах функцыянеры патрабавалі ад дырэктараў дэкларацый бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці вывучалі родную мову. Дэкларацыямі вельмі паспяхова знішчалася беларускае школьніцтва ў міжваенны перыяд і сямідзесятыя гады. Сёння выглядае на тое, што пачынаюць выкарыстоўваць гэты правераны метад для змагання з астаткамі беларускага школьніцтва.
Згодна з традыцыяй эпохі Мечыслава Мочара (у 1964-1968 гг. міністра ўнутраных спраў) у пракуратуры весці расследванне ў справе „Нівы” назначылі самых „-укаў”, што, як вядома, дае стопрацэнтную гарантыю выканання пастаўленых ім загадаў, а пры тым можна будзе паказаць, што ніякія палякі з антыбеларускім шаленствам не маюць нічога супольнага. Арганізатары гэтай правакацыі чамусьці разлічваюць, што не зможам адрозніць ініцыятараў ад выканаўцаў.
Абвінавачанне членаў Управы Праграмнай Рады гэта своеасаблівая інфармацыя для ўсіх актыўных беларусаў, якой змест прыблізна такі: „Польская дзяржава мае дастатковы патэнцыял, каб бяскарна вас прынізіць, прывесці ў стан злачынцаў і зрабіць усё, што заўгодна”. Адзінай віной сяброў Управы з’яўляецца тое, што далі яны сваю згоду стаць яе членамі, а сваю функцыю выконвалі на грамадскіх пачатках. Так патрабуе статут Праграмнай Рады.
Камусьці вельмі хочацца ўчыніць нас грамадзянамі другой катэгорыі. Ведаюць, што ўсё ў адносінах да беларусаў можна рабіць бяскарна, ніхто не будзе абараняць нашых інтарэсаў, а мы настолькі дэзінтэграваныя, што не можам нават пратэставаць супраць адкрытай дыскрымінацыі. А прытым як нейкае правіла дзейнічае закон, што калі толькі пачынаецца змаганне з беларускім рухам на Беларусі, з невялікім спазненнем такі працэс наступае ў Польшчы. Так было ў трыццатыя і сямідзесятыя гады ХХ стагоддзя. Толькі метады бываюць розныя, мэты падобныя — знішчэнне беларускага нацыянальнага жыцця.
У 1938 г. дакладна такімі самымі метадамі, якія цяпер прымяняюцца ў змаганні з „Нівай”, ліквідавалі ўсе беларускія культурныя, выдавецкія і гаспадарчыя ўстановы ў ІІ Рэчы Паспалітай. У 1967 г. ліквідацыю яўрэйскага руху пачыналі ад фінансавага кантролю культурных і выдавецкіх устаноў. Пару месяцаў пазней, пры воплесках натоўпу, адбыўся маральны і палітычны лінч яўрэйскай грамадскасці ў Польшчы. Цяпер, калі Польшча стала ўжо членам Еўрасаюза, усе суперпатрыёты знялі маску еўрапейцаў. Найлепш гэта было відаць падчас дыскусіі ў справе „Закону аб нацыянальных меншасцях”.
Найгоршае стане тады, калі нацыяналістам пашанцуе запалохаць тых апошніх беларусаў, якія праяўлялі яшчэ волю нешта рабіць. Будзе гэта не толькі іх вялікая перамога, але адначасова пачатак развалу таго, што ўдалося зрабіць у апошніх гадах. Час, які наступае, на жаль, не будзе спрыяльны нацыянальным меншасцям. Палітычныя крызісы найчасцей выклікаюць агрэсію ў адносінах да „іншых”. Раней ахвярай былі найчасцей яўрэі, сёння нацыянальныя эмоцыі палітыкі могуць кіраваць толькі супраць беларусаў. Гэта дае ім палітычны капітал. Магчыма, стануць нас абвінавачваць у нацыяналізме, сепаратызме, тэрарызме ці невядома яшчэ ў якіх злачынствах. Спробы прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў — Найвышэйшай кантрольнай палаты і пракуратуры зрабіць злачынцамі выдаўцоў „Нівы” паказваюць, што ў Польшчы ўсё магчымае.
Яўген МІРАНОВІЧ
“Ніва” № 41 ад 10 кастрычніка 2004 г.