Другія суткі адмаўляецца прымаць ежу Святлана Нех, якая знаходзіцца зараз у ізалятары часовага ўтрымання Кастрычніцкага РАУС горада Гродна. Галадоўку 23-гадовая актывістка Маладой Грамады абвесціла ў знак пратэсту супраць прыгавору суддзі Натальлі Козел.
Сёння ўвечары Святлане Нех удалося перадаць у рэдакцыю інтэрнэт-газеты ПАГОНЯ чарнавік заявы на імя начальніка спецпрыёмніка Аляксандра Юрчанкі. У заяве яна адзначыла, што не згодна з рашэннем суда, які ў яе жаданні дапамагчы супрацоўнікам міліцыі знайсці журналіста Дзмітрыя Завадскага ўбачыў правапарушэнне. Святлана лічыць, што пры вынясенні прысуду суддзя суда Ленінскага раёна Натальля Козел парушыла Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Дакумент заканчваецца наступным чынам: “Бачу толькі адну магчымасць змагацца супраць парушэння суддзёй Натальлей Козел Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь - галадоўку”.
Паводле словаў супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС, Святлана Нех утрымліваецца ў камеры разам з двумя “бытавымі алкагалічкамі”. На момант падрыхтоўкі матэрыяла доктара да дзяўчыны не выклікалі.
Нагадаем, што 7 жніўня Святлана Нех была асуджаная на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Падставай пакарання стаў яе ўдзел у ланцугу неабыякавых людзей, які адбыўся ў Гродне ў другую гадавіну знікнення аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага. Уся віна дзяўчыны заключалася ў тым, што яна трымала ў руках партрэт журналіста.