Вярхоўны суд з 23 задаволіў толькі адну скаргу на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты
28 верасьня Вярхоўны суд краіны разглядаў скаргі на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты. З 23 скаргаў была задаволеная толькі адна – старшыні Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай Згоды Сяргея Ермака, які балятуецца ў Гомелі.
Паводле інфармацыі “Інтэрфаксу” Вярхоўны суд не задаволіў пазовы дэпутата цяперашняй палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца і былога старшыні Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуша Гавіна. Справы астатніх 20 прэтэндэнтаў на кандыдацтва разглядаюцца.
Нагадаем, што паводле закону рашэньне Вярхоўнага суду – канчатковае. Аўтарам пазоваў у Вярхоўны суд раней было адмоўлена ў рэгістрацыі акруговымі камісіямі, не задаволіў іх скаргі і Цэнтарвыбаркам. Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала 40 са 164 прэтэндэнтаў, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі акруговымі камісіямі.
101 прэтэндэнт, атрымаўшы адмову ЦВК, ня стаў дамагацца рэгістрацыі праз Вярхоўны суд, на гэта, як было сказана, пайшлі толькі 23 чалавекі.
Радыё Свабода