"Тэлерадыёкампанія "Гродна" цэнзуруе выступы кандыдатаў у дэпутаты
Дырэктар Тэлерадыёкампаніі "Гродна" Уладзімір Пярцоў лічыць, што кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ Мікола Воран павінен змяніць тэкст свайго тэлевізійнага выступу; толькі ў такім выпадку тэлерадыёкампанія гатова прадаставіць кандыдату эфірны час. Пра гэта гаворыцца ў лісце, які сп. Воран атрымаў ад сп-ра Пярцова 27-га верасня ў адказ на сваю заяву, у якой патрабаваў патлумачыць прычыны адмовы кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі даваць у эфір ужо запісаны выступ.
Паводле Уладзіміра Пярцова, у выступе М. Ворана "ўтрымліваюцца фрагменты, якія супярэчаць артыкулу 5 Закона РБ "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі". Што гэта за фрагменты, Уладзімір Пярцоў не патлумачыў, аднак зазначыў, што гатовы прадаставіць кандыдату эфірны час у поўным аб'ёме пры ўмове прывядзення тэксту выступу "ў адпаведнасць з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь".
Мікола Воран распавёў, што ў сваім выступе заклікаў народ галасаваць супраць пытання, вынесенага кіраўніком дзяржавы на рэферэндум. Гэта, на яго думку, і стала сапраўднай падставай для таго, каб не даваць ягоны выступ у эфір.
Кандыдат у дэпутаты перакананы, што не парушаў закона, і таму не збіраецца змяняць тэксту свайго выступу. Ён лічыць зняццё яго тэлезвароту з эфіру палітычнай замовай і мае намер патрабаваць ад кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі "Гродна" жывога эфіру.
Мікола Воран зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Гродзенскай-Занёманскай выбарчай акрузе № 51. Запіс яго тэлевізійнага выступу быў зроблены раніцай 20 верасня. Аднак увечары наступнага дня стала вядома, што выступ кандыдата па невядомых прычынах зняты з эфіру. У той дзень а 18-й гадзіне гледачы тэлеканалу "Лад" пабачылі толькі выступ канкурэнта Міколы Ворана - кандыдата ад улады Сяргея Камянецкага.
Служба маніторынга ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"