Віцебскім сябрам КХП БНФ Уладзіміру Плешчанку і Аляксандру Салаўяну прысудзілі па 10 сутак
24 верасьня Аляксандар Салаўян ды Уладзімер Плешчанка чарговы раз выйшлі да “Сіняга дому “ ў Віцебску з плякатамі “Пустыя выбарчыя ўчасткі – найлепшы сродак супраць фальсыфікацыяў” і “Не хадзіце на выбары ды рэфэрэндум – усё адно падмануць”. Праз гадзіну каля пікетоўцаў спынілася міліцэйская машына.
Байцы АМОНу, якія везьлі апазыцыянэраў у Чыгуначны РАУС, адкрыта прызнаваліся, што маюць адпаведны загад свайго кіраўніцтва – затрымліваць пікетоўцаў і зрываць іхныя акцыі.
Пасьля першага затрыманьня, 20-га верасьня, апазыцыянэраў паабяцалі выклікаць у суд за парушэньне закону пра правядзеньне вулічных акцыяў ды адпусьцілі. Пасьля другога затрыманьня, 22-га верасьня, Уладзімера Плешчанку судзілі адразу ды аштрафавалі амаль на тры мільёны беларускіх рублёў.
Суд па затрыманьні 24 верасьня адбыўся без адтэрміноўкі. Судзьдзя Чыгуначнага раённага суду прызнаў абодвух сябраў КХП БНФ вінаватымі ў арганізацыі несанкцыяванага пікету, прычым ужо не ўпершыню, і прысудзіў Уладзімеру Плешчанку ды Аляксандру Салаўяну па 10 сутак арышту.
Адбываць пакараньне ім давядзецца ў ізалятары часовага ўтрыманьня, куды іх завезьлі адразу з пастарунку. Уладзімеру Плешчанку нават не дазволілі ўзяць з дому неабходныя лекі, нягледзячы на тое, што ён інвалід, хворы на сэрца, -- паведаміла Радыё Свабода.