Намесніцу галоўнага рэдактара "Ударнага фронту" звольнілі з працы
20-га верасня звольнілі з працы Ніну Буйніцкую, намесніцу галоўнага рэдактара шклоўскай раённай газеты "Ударны фронт" (заснавальнік - Шклоўскі райвыканкам). Галоўны рэдактар выдання Аляксандр Бялясаў пацвердзіў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) факт звальнення сваёй намесніцы. З яго словаў, яна пакінула працу "па ўласным жаданні". У той жа час, па інфармацыі службы маніторынга БАЖ, прычынай звальнення стала публікацыя "неправеранага матэрыялу".
У нумары за 18-га верасня ў газеце "Ударны фронт" быў надрукаваны ліст чытача за подпісам "Б.Касцюк, ветэран працы". Пасланне было змешчана пад загалоўкам "Рэферэндум - правільнае рашэнне": аўтар ліста горача выказваўся ў падтрымку ідэі плебісцыту і ўхваляў імкненне А. Лукашэнкі звярнуцца да народа. "Б. Касцюк, ветэран працы" дадаў да ліста вершаваны зварот да кіраўніка дзяржавы, у якім выказваў яму сваю падтрымку.
Аднак пасля выхаду газеты высветлілася, што апублікаваны паэтычны твор з'яўляецца "акравершам": першыя літары ўтвараюць асобны сказ, змест якога кардынальна адрозніваецца ад зместу самога паслання "Б. Касцюка".
Адказнасць за з'яўленне публікацыі ўсклалі на спн. Буйніцкую, паколькі галоўны рэдактар выдання ў той момант адсутнічаў.
Па інфармацыі службы маніторынга БАЖ, цяпер раённае кіраўніцтва шукае аўтара скандальнага паслання. Пошукі ўскладняюцца тым, што ў рэдакцыі згубілі канверт ад ліста, які, да таго ж, быў набраны на друкарскай машынцы.