Міхаілу Марынічу прадьяўленыя новыя абвінавачаньні
Вядомаму беларускаму палітыку і грамадзкаму дзеячу Міхаілу Марынічу прад’яўленыя два новых абвінавачаньні – па ч. 2 арт. 377 (раскраданьне ці пашкоджаньне дакументаў, штампаў, пячатак) і па ч.4 арт. 210 (крадзёж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьненымі арганізаванай групай ці ў асабліва вялікім памеры) Крымінальнага кодэксу. Пра гэта БелаПАН паведаміла адвакатка М. Марыніча Вера Страмкоўская.
Яе падабароннаму, у прыватнасьці, ставіцца ў віну крадзёж дакументаў, якія быццам бы ўяўляюць дзяржаўную таямніцу, а таксама авалодваньне аргтэхнікай, якая была бязвыплатана перададзеная ў часовае карыстаньне ўзначальваемай Марынічам грамадзкай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя “Дзелавая ініцыятыва”.
Нагадаем, што раней М. Марынічу было прад’яўленае абвінавачаньне па ч.2 арт. 295 (незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, баезапасаў і ўзрыўных рэчываў) Крымінальнага кодэксу.
Па словах В. Страмкоўскай, прад’яўленьне двух новых абвінавачаньняў стала для яе падабароннага поўнай нечаканасьцю. М. Марыніч, паведаміла яна, проста на пастанове напісаў свой пратэст і адмовіўся даваць паказаньні, паколькі лічыць, што дадзеныя дзеяньні “маюць палітычны матыў” і перасьледуюць мэту не дапусьціць ягонага ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2006 году. Такое адбудзецца, калі М.Марыніч будзе асуджаны нават умоўна.
Як лічыць адвакат, усе абвінавачаньні, прад’яўленыя М. Марынічу, “ня маюць пад сабой глебы і неабаснаваныя”. У прыватнасьці, па яе словах, тэрмін сакрэтнасьці дакументаў, знойдзеных у яго, даўно выйшаў, а што датычыць аргтэхнікі, то яна з’яўляецца маёмасьць амбасады ЗША, якая ніякіх абвінавачаньняў супраць палітыка не вылучала. Зараз, адзначыла В. Страмкоўская, амбасада ЗША будзе праходзіць па гэтай справе як пацярпелы бок.
Адвакат нагадала, што 26 верасьня сыходзіць тэрмін утрыманьня М.Марыніча пад вартай. Аднак яго, хутчэй за ўсё, працягнуць, пакольку вылучаныя супраць палітыка абвінавачаньні па ч.4 арт. 210 КК з’яўляюцца цяжкімі, і санкцыя прадугледжвае тэрмін пазбаўленьня волі ад 7 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
Нагадаем, што былы міністр зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі, дэпутат 12 і 13 скліканьняў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар у Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі Міхаіл Марыніч быў арыштаваны 26 красавіка бягучага году і зараз знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ.