viasna on patreon

Сёньня Брэсцкі абласны суд фактычна прызнаў, што Партыя БНФ (створаная ў 1993 годзе) супрацоўнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны з фашысцкай Германіяй

2004 2004-09-23T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёньня, 23 верасьня, у Брэсцкім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнага пратэсту пракуратуры Маларыцкага раёну на рашэньне Маларыцкага раённага суда па справе абароны дзелавой рэпутацыі Партыі БНФ.
Нагадаем, што 30 ліпеня бягучага году суд Маларыцкага раёну пад старшынствам судзьдзі Барычэўскага прызнаў несапраўднымі распаўсюджаныя намесьнікам старшыні аддзелу ідэалогіі Маларыцкага райвыканкаму Сяргеем Строкам зьвесткі пра тое, што Партыя БНФ у гады Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічала з фашысцкай Германіяй. Гэтае выказваньне прагучала ад С. Строка падчас сходу жыхароў в. Струга Маларыцкага раёну 25 красавіка 2004 году.
На рашэньне суда пракуратура Маларыцкага раёну вынесла пратэст, які сёньня і быў разгледжаны калегіяй па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда, паратэст пракуратуры падтрымлівала прадстаўніца Брэсцкай абласной пракуратуры.
На пачатку працэсу прадстаўнік Партыі БНФ Валянцін Стэфановіч заявіў тры хадайніцтвы, у тым ліку і пра прагляд відэастужкі з выступам С. Строка, і менавіта гэтае хадайніцтва “за-за адсутнасьці тэхнічных магчымасьцяў” было адхіленае.
Валянцін Стэфановіч у сваім выступе падкрэсьліў, што Партыя БНФ лічыць рашэньне суда Маларыцкага раёну абсалютна законным, абгрунтаваным, а касацыйны пратэст не павін быць задаволены, выказаўшы па кожным з пунктаў гэтага пратэсту абсалютна юрыдычна абгрунтаваныя пярэчаньні.
Прадстаўніца пракуратуры падтрымала пратэст у сваім выступе, але абгрунтаваньні яе былі не зусім зразумелыя нават юрыстам, але сэнс зразумелы – Сяргей Строк не вінаваты, ён хацеў удакладніць свае словы, але яму проста не далі.
Пасьля перапынку было зачытанае рашэньне касацыйнай інстанцыі: задаволіць пратэст пракуратуры Маларыцкага раёну, адмяніць рашэньне суда, а таксама цалкам адмовіць Партыі БНФ у задавальненьні іскавых патрабаваньняў.

Каментуе Валянцін Стэфановіч: “Гэта цалкам палітычна матываванае рашэньне. А пэўная інфармацыя з Маларыты дазваляе апасацца за далейшы лёс і працу судзьдзі Барычэўскага, які прыняў справядлівае рашэньне па гэтай справе ў ліпені.
З сёньняшняга рашэньня Брэсцкага абласнога суда лагічна выцякае, што Партыя БНФ сапраўды супрацоўнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны з фашысцкай Германіяй.
Мы, безумоўна, будзем абскарджваць гэтае рашэньне на імя старшыні Брэсцкага абласнога суда, а калі ён не задаволіць нашую скаргу – на імя старшыні Вярхоўнага суда.
Гэта проста абуральна і якрава падкрэсьлівае залежнасьць судовай сістэмы, якую мы маем сёньня ў нашай краіне”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства