У Віцебску затрымалі сяброў КХП БНФ, якія ладзілі пікет за байкатаваньне парламенцкіх выбараў і рэфэрэндуму
Радыё Свабода
20 верасьня разам з плякатамі “Не хадзіце на выбары ды рэфэрэндум — усё адно падмануць” і “Пустыя выбарчыя ўчасткі — найлепшы сродак супраць фальсыфікацыяў” іх даставілі ў Чыгуначны райаддзел міліцыі.
Віцебскія сябры КХП БНФ Уладзімер Плешчанка, Аляксандар Салаўян ды Барыс Хамайда праводзілі ў цэнтры гораду другі пікет супраць выбараў ды рэфэрэндуму 17 кастрычніка. Сваю агітацыйную кампанію яны распачалі 17 верасьня, і першы пікет прайшоў безь перашкодаў. 20 верасьня міліцыянты з Чыгуначнага РАУС перапынілі акцыю праз гадзіну ад яе пачатку, забраўшы ўсіх трох удзельнікаў пікету ў пастарунак.
На кожнага зь пікетоўцаў быў складзены пратакол затрыманьня, зь якога вынікае, што яны парушылі закон пра правядзеньне вулічных акцыяў, зладзіўшы ў цэнтры гораду несанкцыянаваную імпрэзу.
Спадары Хамайда, Плешчанка ды Салаўян спрабавалі былі давесьці, што гэты месяц адмыслова прызначаны дзеля свабоднай перадвыбарчай агітацыі, якая можа быць накіраваная як за будучыя выбары, так і супраць. Аднак гэтыя аргумэнты да ўвагі прынятыя не былі, і апазыцыянэрам было абвешчана, што 27 верасьня іхную справу будзе разглядаць Чыгуначны раённы суд.