viasna on patreon

Прэзідэнцкая “вэртыкаль” распачала агітацыю сярод насельніцтва ў падтрымку рэфэрэндуму (Радыё Свабода).

2004 2004-09-20T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзеля гэтага інфармацыйна-прапагандысцкія групы атрымалі спэцыяльны зборнік матэрыялаў для апрацоўкі людзей. Гэтакі ж зборнік падрыхтаваны і па выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Прапагандысцкія групы ўтвораныя загадам прэзыдэнта Лукашэнкі па ўсёй вэртыкалі: рэспубліканскую ачольвае віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, і гэтая група нядаўна павялічаная да 18 чалавек. У Менскім гарвыканкаме пяць такіх груп, па колькасьці намесьнікаў старшыні.

Яшчэ 46 групаў створаныя ў раённых адміністрацыях. У кожнай групе ад 10 да 15 кіраўнікоў вэртыкальных службаў, аддзелаў ды ўправаў. Інфармацыйна-аналітычным матэрыялам “вэртыкальных” прапагандыстаў забясьпечвае інстытут сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры адміністрацыі прэзыдэнта. Іхны апошні зборнік (28 старонак) прысьвечаны рэфэрэндуму. Зь ім прапагандысты ў Менску накіруюцца ў працоўныя калектывы 23 верасьня. Тут падаюцца гісторыя рэфэрэндумаў і вынікі разьвіцьця краіны за апошнія 10 гадоў, а менавіта дасягненьні ў эканоміцы, дыпляматыі, сельскай гаспадарцы, мэдыцыне і гэтак далей. Гэта ўсё тое, што патрэбна і можна казаць людзям. У выніковым артыкуле падкрэсьліваецца, што падаўжэньне тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі абумоўлена створанай ім “спрыяльнай палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сытуацыяй”.

Яшчэ адзін інфармацыйны зборнік, падрыхтаваны, інстытутам сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры адміністрацыі прэзыдэнта прысьвечаны выбарам у Палату прадстаўнікоў. Тут ставіцца канкрэтная задача для ідэалягічнай вэртыкалі і выканаўчай улады: “неабходна засяродзіць увагу выбарнікаў на такіх адмоўных якасьцях апазыцыйных кандыдатаў, як асабістыя амбіцыі, папулізм, фінансавая залежнасьць ад спэцслужбаў заходніх краін і імкненьне праводзіць чужую народу палітыку, правакацыйная сутнасьць мэтадаў і гэтак далей”.

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства