Выйшла кніга “Сьведчаньні перасьледу беларускіх няўрадавых арганізацыяў”
Радыё Свабода
Прадстаўнікі Асамблеі дэмакратычных грамадзкіх аб’яднаньняў прэзэнтавалі ў Менску кнігу пад назваю: “Сьведчаньні перасьледу беларускіх няўрадавых арганізацыяў”. У выданьні паведамляецца пра факты перасьледу няўрадавых арганізацыяў з боку ўладаў і нагадваюцца прозьвішчы чыноўнікаў, якія да гэтых фактаў спрычыніліся.
За 2003-2004 гады беларускія суды розных інстанцыяў на просьбу Міністэрства юстыцыі ліквідавалі 56 няўрадавых арганізацыяў. Яшчэ 78 пад ціскам уладаў былі вымушаныя самаліквідавацца.
Прадстаўнікі Асамблеі вырашылі сабраць у адной кнізе усе факты і прычыны ліквідацыі недзяржаўных аб’яднаньняў, а таксама апублікаваць новыя дакумэнты, якія сьведчаць аб сапраўдных прычынах ліквідацыі і адмове ў рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў.
Акрамя гэтага, у кнізе зьмешчаная частка службовай перапіскі міністра юстыцыі Віктара Галаванава з намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алегам Праляскоўскім, які ўзначальвае адмысловую камісію ў справе рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў. Міністар называе Праляскоўскаму арганізацыі, якія можна зарэгістраваць (у асноўным спартовыя клюбы), і якія рэгістраваць нельга (гэта пераважна арганізацыі, заснавальнікамі якіх ёсьць апазыцыйна настроеныя грамадзкія дзеячы). Некаторыя арганізацыі, як напрыклад Аб’яднаньне прадпрымальнікаў Магілёўскай вобласьці, міністар Галаванаў просіць зарэгістраваць таму, што за яго хадайнічае старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Барыс Батура.
Кіраўніца ліквідаванага Незалежнага таварыства прававых дасьледаваньняў Алена Танкачова так пракамэнтавала гэтыя дакумэнты:
(Танкачова: ) “Калі зьвяртаесься да ўнутранага зьместу дакумэнтаў, якія падпісаныя гэтай высокай службовай асобай, насамрэч становіцца страшнавата. Мы бачым арганізацыі, якія Міністэрства юстыцыі прапануе рэспубліканскай камісіі зарэгістраваць. У прыведзеным сьпісе з 32 арганізацыяў 21 мае выключна спартовую накіраванасьць. Не сацыяльную, не праваабарончую. Мяркуючы па выніках працы Мінюсту, асноўная праблема ў краіне – разьвіцьцё спорту, турызму, і ўсё”.
На падставе зьмешчаных у кнізе дакумэнтаў лідэры Асамблеі накіравалі ў Вярхоўны суд скаргу з просьбаю абавязаць Мін’юст зарэгістраваць іх аб’яднаньне.