viasna on patreon

Заява кіраўніцтва Партыі БНФ у сувязі з рэпрэсіямі супраць актывістаў партыі, вылучаных кандыдатамі альбо сябрамі ініцыятыўных групаў

2004 2004-09-13T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Партыя БНФ узяла актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі. Хаця прапаганда крычыць пра нашу нікчэмнасьць, насамрэч улады баяцца нас. Пачаліся наўпроставыя рэпрэсіі супраць актывістаў Партыі БНФ, вылучаных кандыдатамі альбо сябрамі ініцыятыўных групаў.

На гэты момант ужо звольненыя з працы вылучэнцы ў кандыдаты ад Партыі БНФ:
– Аляксей Сюдак, настаўнік гісторыі Хадасоўскай базавай школы (Вялейскі раён);
– Вольга Лагвіновіч, пэдагог-псыхоляг школы №12 Маладэчна;
– а таксама Мікола Пратасевіч, энэргетык пансіянату “Лясныя азёры” (Ушацкі раён), сябра ініцыятыўнай групы старшыні Наваполацкай арганізацыі Партыі БНФ Зьмітра Салаўёва.

Пад пагрозай звальненьня вылучэнцы ў кандыдаты ад Партыі БНФ:
– Зьміцер Шэвель (Лагойск), майстар прыватнага прадпрыемства “Мінаўта”, на дырэктара якога цісьне “вэртыкаль”;
– Алесь Мех (Кобрынь), начальнік, які працуе інжынэрам па эксплюатацыі газавых сетак нізкага ціску ў Кобрыньскім упраўленні магістральных газаправодаў ААТ “Белтрансгаз”, прапанаваў яму пісаць заяву альбо пра зьняцьцё, альбо па ўласным жаданьні.

Сьпіс няпоўны, бо ня ўсе пацярпелыя пагаджаюцца даваць зьвесткі да публічнага ведама.

Пачалася праверка індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасьці за пяць апошніх гадоў Віктара Мезяка (Баранавічы). Міліцыя ўрывалася ў дом Юрася Пальчэўскага (Менск), у офісы Партыі БНФ у Баранавічах і Горадні. Па ўсёй Беларусі пачалася праверка мясцовых арганізацыяў нашай партыі, як правіла, чамусьці пры ўдзеле міліцыі.

Падчас пашыранага паседжаньня Сойму Партыі БНФ з удзелам меркаваных кандыдатаў 11 верасьня на вул. Варвашэні ў Менску нашая сядзіба была акружаная пяцьцю аўтамабілямі з прыцемненымі шыбамі й амапаўскім аўтобусам. Людзей, што выходзілі зь сядзібы, затрымлівалі міліцыянты й правяралі іхныя рэчы.

Партыя БНФ ацэньвае сытуацыю як новую, вельмі небясьпечную фазу дзяржаўнай кампаніі тэрарызаваньня нашых актывістаў. Мы просім усіх грамадзянаў, а таксама арганізацыі, прадпрыемствы, цэрквы праявіць салідарнасьць з пацярпелымі й дапамагчы ім чым можна. Мы заклікаем міжнародную дэмакратычную супольнасьць ужо цяпер ацаніць сытуацыю ў Беларусі перад выбарамі й рэфэрэндумам як несумяшчальную зь мінімальнымі крытэрамі свабоды, дэмакратычнасьці, справядлівасьці й празрыстасьці выбарчых працэдураў, -- паведамляе прэс-служба Партыі БНФ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства