viasna on patreon

Характарыстыкі сёньняшняга этапу выбарчай кампаніі: правакацыі і ціск на выбаршчыкаў, якія паставілі свае подпісы за вылучэньне незалежных кандыдатаў

2004 2004-09-08T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Калі Праваабарончы цэнтр “Вясна” рабіў аналіз ходу папярэдніх этапаў выбараў у Палату прадстаўнікоў, валодаючы інфармацыяй пра паўсюдны ціск на сяброў ініцыятыўных групаў грамадзянаў, якія вылучаюцца ў якасьці прэтэндэнтаў у кандыдаты, мы прадказвалі, што ў хуткім часе пачнецца ціск на людзей, якія паставілі свае подпісы пад вылучэньнем незалежных і дэмакратычных кандыдатаў. “Адказьнікоў” прасьцей знайсьці сярод некалькіх тысяч падпісантаў, чым сярод сяброў ініцыятыўных групаў. Так і адбываецца ў дадзены перыяд выбарчай кампаніі. Больш за тое, пачаліся адкрытыя правакацыі з мэтай нерэгістрацыі такіх кандыдатаў.

У Праваабарончы цэнтр “Вясна” паступіла інфармацыя ад незалежнага кандыдата Уладзімара Жубаркіна, які зьбіраецца балатавацца ў Віцебску па Кастрычніцкай выбарчай акрузе №19. Гэта беспартыйны прэтэндэнт у кандыдаты, працуе завучам у адной з віцебскіх школаў.

Уладзімір Жубаркін сабраў неабходную колькасьць подпісаў і 6 верасьня падаў пакет дакументаў на рэгістрацыю яго ў якасьці кандыдата ў дэпутаты. 8 верасьня з акруговай камісіі да яго паступіла тэлефанаваньне з просьбай з’явіцца на паседжаньне камісіі. На гэтым паседжаньні яму былі зачытаныя дзьве заявы: ад грамадзянак Кацярыны Яскінай і Насьледнікавай. У першай заяве сьцьвярджалася, што “маладая жанчына” прасіла паставіць Кацярыну Яскіну свой подпіс у падтрымку Жубаркіна, абяцаючы пры гэтым грошы ў выпадку ягонай перамогі на выбарах. Насьледнікава ў заяве сьцьвярджала, што “незнаёмыя людзі”, зьбіраючы подпісы ў падтрымку Жубаркіна, абяцалі, што ў выпадку перамогі яна атрымае грошы за пастаўлены подпіс. “Зборшчыкі подпісаў” не прадстаўляліся, не прад’яўлялі пасьведчаньняў сяброў ініцыятыўнай групы У. Жубаркіна.
Для Уладзіміра Жубаркіна гэтыя заявы сталіся поўнай нечаканасьцю. Прэтэндэнт у кандыдаты сьцьвярджае, што яму дакладна вядома, што ў доме, адкуль паступілі заявы, зьбіраў подпісы толькі адзін мужчына, а не “маладая жанчына” і невядомыя людзі. Ён расцэньвае дадзены ініцыдэнт чыстай правакацыяй з мэтай далейшай ягонай нерэгістрацыі ў якасьці кандыдата і ня выключае, што на дадзеных грамадзянак быў аказаны ціск з мэтай напісаньня гэтых заяваў.
Але ў гэтым ужо будзе разьбірацца суд, паколькі Уладзімір Жубаркін зьбіраецца падаваць зыск з мэтай абароны дзелавой рэпутатцыі.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць, што гэта пачатак шырокамаштабнай кампаніі, накіраванай на нерэгістрацыю і дыскрэдытацыю незалежных і дэмакратычных кандыдатаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства