viasna on patreon

Сакратарка выбарчай камісіі абвінаваціла кандыдата ў выкарыстаньні “брудных тэхналёгіяў”, той падае ў суд

2004 2004-09-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода
Гомельскі апазыцыйны палітык Віктар Карнеенка, за вылучэньне якога кандыдатам у дэпутаты падпісалася звыш 12 тысячаў гамельчукоў, наважаны ў судзе адстойваць свой гонар і годнасьць. Прэтэнзіі ў яго да паводзінаў сакратаркі акруговай выбарчай камісіі, кіраўніка спраў адміністрацыі Савецкага раёну Тамары Грышчанкі.

Віктар Карнеенка стаўся лідэрам у справе збору подпісаў: група Віктара Карнеенкі сабрала 12 тысячаў 167 подпісаў. Праўда, з тактычных меркаваньняў група вырашыла здаць у камісію мінімальную колькасьць подпісаў, неабходную для рэгістрацыі.

Спадар Карнеенка заявіў, што будзе ня толькі дамагацца адхіленьня Тамары Грышчанкі ад абавязкаў сакратаркі акруговай выбарчай камісіі, але і зьвернецца з пазовам у суд.

Паводле сьведчаньня сяброў камісіі, сакратарка падчас тэхнічнай працэдуры замацаваньня пячаткаю аркушаў з подпісамі надзвычай нэгатыўна выказвалася на адрас прэтэндэнта ў кандыдаты. Распавядае зборшчык подпісаў Андрэй Толчын: “Калі запэўнівалі пячаткаю подпісы, кіраўнік справамі адміністрацыі Савецкага раёну спадарыня Грышчанка, яна ж і сакратарка акруговай выбарчай камісіі, давала такі камэнтар: казала, што Карнеенка будзе займацца і раней займаўся бруднымі тэхналёгіямі”.

Віктар Карнеенка распавёў, што атрымаў паўдзесятка заяў ад сяброў ініцыятыўнай групы. Ім прыйшлося выслухаць ад сакратаркі камісіі Грышчанкі, што, напрыклад, прэтэндэнт у кандыдаты плаціць зборшчыкам па 80 цэнтаў за адзін подпіс, і ня толькі гэта.
Карнеенка: “Атрымаўшы такія пісьмовыя паведамленьні пра паклёпніцкія выказваньні сакратаркі акруговай камісіі спадарыні Грышчанкі, я маю намер – такое права мне дае закон – зьвярнуцца ў суд, у аблвыканкам, які ствараў акруговую камісію, а таксама ў Цэнтрвыбаркам. Паведаміць, што гэты чалавек як сябра камісіі ня можа быць аб’ектыўным падчас прыняцьця рашэньня”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства