Загадчык аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама прызнаўся пракуратуры, што рэкамендаваў сваім падначаленым не удзельнічаць у перадвыбарчай кампаніі.
Пра гэта сведчаць вынікі першай праверкі, праведзенай пракуратурай Шчучынскага раёна па фактах ціску на сяброў ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, які мае намер балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шчучынскай выбарчай акрузе.
Напачатку жніўня Андрэй Кусяльчук, Васіль Бязмен і Пётр Кухарчык, сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, звярнуліся з заявай у Цэнтральную выбарчую камісію Рэспублікі Беларусь, Пракуратуру Гарадзенскай вобласці, Упраўленне КГБ па Гарадзеншчыне, дзе прасілі даць ацэнку дзеянням загадчыка Шчучынскага аддзела адукацыі Уладзіміра Дубка.
Паводле іх заявы, дырэктарка Берштаўскай базавай школы, выконваючы патрабаванне загадчыка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Уладзіміра Дубка прапанавала настаўніцы гэтай жа школы Марыі Будзько адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча. Дырэктарка таксама перадала Марыі Будзько словы загадчыка аддзела адукацыі, які паабяцаў звольніць настаўніцу з працы, калі тая не паслухаецца прапановы. Таксама, адзначалася ў заяве, Уладзімір Дубок папярэдзіў, што настаўніцай ужо займаецца КГБ.
Заяўнікі выказалі заклапочанасць тым, што дзеянні загадчыка аддзела адукацыі “даюць падставы дзеля таго, каб сумнявацца ў аб’ектыўным правядзенні выбарчай кампаніі”.
У пракуратуры Шчучынскага раёна, Уладзімір Дубок прызнаў што правёў асабістую сустрэчу з дырэктаркай Берштаўскай школы, падчас якой указаў, што “не стоит втягивать педколлектив школы в политические дрязги”.
Факт гэтай размовы прызнала і дырэктарка школы. Паводле яе тлумачэнняў, Уладзімір Дубок не рэкамендаваў, “каб педкалектыў школы ўступаў у якую-кольвек перадвыбарчую дзейнасць і агітацыю”. Дырэктарка школы таксама прызнала, што ў той самы дзень патэлефанавала настаўніцы Марыі Будзько, якая з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча і прапанавала ёй “не ўступаць у палітычную дзейнасць”.
У адказе сябрам ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, пракурор Г. Дыско ўказаў, што ані загадчык аддзела адукацыі, ані дырэктарка школы не прызналіся, што казалі пра цікавасць да Марыі Будзько з боку спецслужбаў, не аказвалі ціск і не пагражалі настаўніцы. Кіруючыся іх паказаннямі пракуратура вырашыла што ў дзеяннях загадчыка і дырэктара няма складу злачынства, прадугледжанага арт 191 КК РБ (перашкода ажыццяўленню грамадзянінам РБ вядзення перадвыбарчай агітацыі).
Іван Паўлёнак