viasna on patreon

Вінцук Вячорка падаў у пракуратуру скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, якія зьбівалі ягонага сына Франака падчас акцыі “Хочам вучыцца па-беларуску!”

2004 2004-09-02T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

2 верасьня Вінцук Вячорка падаў скаргу ў пракуратуру Цэнтральнага райну г. Менску на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі і зьбівалі ягонага непаўнагадовага сына Франака падчас акцыі 1 верасьня “Хочам вучыцца па-беларуску!”.
У скарзе гаворыцца: “01.09.2004г. мой сын Францішак Вячорка 1988 г. нараджэньня на выхадзе са станцыі мэтро “Кастрычніцкая” ў раёне Палацу прафсаюзаў каля 16.05 быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП у цывільным і дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёну г. Мінска. У працэсе затрыманьня супрацоўнікі міліцыі не прадставіліся, не растлумачылі матывы сваіх дзеяньняў. Майму сыну стала вядома, што ён затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, толькі пасьля дастаўленьня яго ў РУУС Цэнтральнага раёну. У працэсе затрыманьня невядомыя асобы ў цывільным ужылі супраць непаўналетняга грубую фізычную сілу, а менавіта – заломвалі рукі, білі па нагах, зьбівалі пры зацягваньні ў аўтобус. Аўтобус ня меў апазнавальных знакаў дачыненьня да органаў унутраных справаў. У аўтобусе майго сына, які ляжаў на падлозе, працягвалі зьбіваць. Падчас затрыманьня майму сыну былі пашкоджаныя кашуля і штаны, далейшае іх выкарыстаньне немагчымае.
Таксама ў аўтобус былі зацягнутыя Стэфановіч Валянцін Канстанцінавіч і Афнагель Яўгеній Ігаравіч.
Пасьля дастаўленьня ў РУУС Цэнтральнага раёну г. Мінска супрацоўнікі міліцыі, не складаючы пратаколаў затрыманьня й пратрымаўшы ня больш за дзьве гадзіны, вызвалілі затрыманых. Падчас затрыманьня майму сыну стала вядома прозьвішча аднаго з тых, хто праводзіў затрыманьне: гэта нехта Ліпінскі, супрацоўнік 8–га ўзводу АМАП ГУУС г. Мінска. Яшчэ аднаго супрацоўніка АМАП у чырвонай майцы, які ўдзельнічаў у затрыманьні, ягоныя калегі называлі мянушкай “Маразільнік”. На вуліцы і ў аўтобусе асобы, якія праводзілі затрыманьне, выкарыстоўвалі ў адрас непаўналетняга нецэнзурную лаянку і выказвалі яму пагрозы. Супрацоўнікі міліцыі абражалі майго сына, зьневажалі яго чалавечую годнасьць.
Трэба адзначыць, што майму сыну так і не растлумачылі прычыну затрыманьня. Акрамя таго, ня быў складзены пратакол аб адміністрацыйным затрыманьні, што парушае патрабаваньне арт. 240 КаАП Рэспублікі Беларусь. У парушэньне патрабаваньняў арт. 240 КаАП аб месцазнаходжаньні сына не было паведамлена ані мне, ані маёй жонцы.
Лічу, што дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненьні да майго сына зьяўляюцца незаконнымі, перавышаюць службовыя паўнамоцтвы супрацоўнікаў міліцыі і парушаюць Закон Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі”, нормы КаАП Рэспублікі Беларусь, законныя правы дзіцяці. Ніякіх законных падставаў, прадугледжаных арт. 19 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі”, для выкарыстаньня фізычнай сілы з боку супрацоўнікаў міліцыі не было.
Таксама незаконна, без складаньня пратаколу выняцьця, былі забраныя асабістыя рэчы майго сына. Ён не аказваў супраціўленьня і іншага супрацьдзеяньня не аказваў.
У сувязі з вышэйсказаным, кіруючыся арт. 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі”, Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пракуратуры”, прашу:
1. Правесьці пракурорскую праверку названых фактаў;
2. Прыцягнуць вінаватых асобаў да вызначанай законам адказнасьці;
У працэсе праверкі выкладзеных фактаў апытаць відавочцаў незаконнага затрыманьня майго сына: Стэфановіча Валянціна Канстанцінавіча і Афнагеля Яўгенія Ігаравіча”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства