За “паклёп” адкажуць кандыдаты?
20 жніўня 2004 года скончыўся працэс абскарджваньня ў Цэнтральнай выбарчай камісіі рашэнняў акруговых камісій аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Такія рашэнні абскарджваліся ў 23 выпадках.
Нагадваем, што ў большасьці скаргаў заяўляльнікі ўказвалі на ціск, які быў аказаны з боку выканаўчых уладаў, кіраўніцтва прадпрыемстваў, акруговых камісіяў на сябраў іхніх ініцыятыўных групаў, у выніку чаго некаторыя сябры ініцыятыўных групаў былі вымушаныя напісаць заявы аб недобраахвотным удзеле ў працы ініцыятыўных групаў.
“Усе скаргі па такіх выпадках перададзеныя ў пракуратуру”, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркаму Л.Ярмошына. Па яе словах, калі інфармацыя не падцьвердзіцца, то да адказнасьці за паклёп будуць прыцягнутыя самі заяўляльнікі. Усяго ў органы пракуратуры перададзена 8 такіх скаргаў.
Юрыст Праваабарончага Цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч наступным чынам каментуе такое рашэньне Цэнтрвыбаркаму: “Цэнтральная выбарчая камісія фактычна ўхілілася ад разгляду справы па сутнасьці. Паколькі працэдура абскарджваньня рашэньняў аб нерэгістрацыі ініцыятыўных групаў ў Цэнтральнай камісіі рэгламентуецца артыкулам 65 Выбарчага кодэксу. У сваіх заявах заяўляльнікі не прасілі ўзбудзіць крымінальныя ці адміністратыўныя справы. Яны прасілі адмяніць рашэньне акруговых выбарчых камісіяў. Сваім жа рашньнем Цэнтральная выбарчая камісія фактычна пакінула гэтыя ініцыятыўныя групы без рэгістрацыі, перадаўшы разгляд гэтага пытаньня органам пракуратуры. Нават калі органы пракуратуры і ўстановяць факт парушэньня выбарчага заканадаўства з боку выканаўчых уладаў, незразумела як будзе вырашана пытаньне з рэгістрацыяй такіх ініцыятыўных групаў, таму як артыкул 65 ВК утрымлівае дакладнае абмежаваньне ў тэрмінах абскарджваньня рашэньняў акруговых камісіяў – на працягу 3-х дзён у Цэнтральнай камісіі і пасьля гэтага на працягу 3-х дзён у Вярхоўным судзе.
На маю думку, дзеяньні пракуратуры будуць выкарыстаныя ў першую чаргу супраць падавальнікаў скаргаў. Паколькі людзі, якія напісалі заявы аб “недабраахвотным” уключэньні ў склад ініцыятыўных групаў, пабаяцца падцьвердзіць факты аказаньня на іх ціску з боку выканаўчых уладаў. Гэтая сітуацыя прывядзе да таго, што цяпер ужо сам кандыдат будзе прыцягнуты да адказнасьці “за паклёп” на службовых асобаў ці прадстаўнікоў акруговых камісіяў”.