Сацыял-дэмакраты і лібэрал-дэмакраты вылучылі сваіх кандыдатаў
21 жніўня ў Менску прайшлі перадвыбарчы пленум Цэнтральнага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” і пазачарговы зьезд Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Згодна з Выбарчым кодэксам, яны вылучалі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
“Народная грамада” і ЛДПБ першымі зь 17 дзейных палітычных партыяў правялі вылучэньне сваіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Абедзьве партыі абмежавалі прысутнасьць прадстаўнікоў СМІ на сваіх форумах. У “Народнай грамадзе” спаслаліся на тэхнічны характар паседжаньня Цэнтральнага камітэту, а ў ЛДПБ заявілі, што журналістам трэба было прайсьці папярэднюю рэгістрацыю.
У адрозьненьне ад большасьці апазыцыйных партыяў ЛДПБ праігнаравала вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты шляхам збору подпісаў: у сьпісе 557 зарэгістраваных ініцыятыўных групаў амаль няма сябраў ЛДПБ. Затое сёньня партыйны зьезд прагаласаваў за вылучэньне сваіх кандыдатаў па ўсіх 110 выбарчых акругах.
Акрамя таго, зьезд ЛДПБ рэкамэндаваў свайму лідэру Сяргею Гайдукевічу балятавацца на выбарах прэзыдэнта ў 2006 годзе. Аднак юрыдычнай сілы апошняе вылучэньне не мае, дый выбары кіраўніка дзяржавы яшчэ не абвешчаныя.
На зьездзе ЛДПБ не прагучала крытыкі беларускага выбарчага заканадаўства і дзеяньняў улады, затое Сяргей Гайдукевіч моцна скрытыкаваў дзеяньні апазыцыйнай кааліцыі “Пяцёрка плюс” за папярэдні падзел выбарчых акругаў паміж партыямі.
Як паведаміў кіраўнік перадвыбарчага штабу БСДП “Народная грамада” Віталь Малашка, на суботнім паседжаньні Цэнтральнага камітэту разглядаліся кандыдатуры 58 сябраў партыі ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Паводле дзейнага статута “Народнай Грамады”, Цэнтральны камітэт нароўні са зьездам аднесены да вышэйшых кіроўных органаў партыі. Аднак на гэтым тыдні старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што тыя партыйныя вылучэнцы, якія будуць вылучаныя ня зьездам, а нейкім іншым органам, кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваныя ня будуць.
На гэты момант сытуацыя застаецца неўрэгуляванай. Паводле Віталя Малашкі, пленум вырашыў даць афіцыйны запыт у ЦВК з просьбай патлумачыць, ці мае ЦК “Народнай грамады” права вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты. Калі адказ будзе адмоўны, то ў наступную суботу “Народная грамада” правядзе пазачарговы зьезд, які прадублюе вынікі сёньняшняга таемнага галасаваньня ў Цэнтральным камітэце, паведаміў карэспандэнту Радыё Свабода спадар Малашка.