viasna on patreon

Выбарчае заканадаўства: ці будзе голас грамадзкасьці ўлічаны? “Вясна” рыхтуе прапановы для ўнясеньня зьменаў у Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь.

2002 2002-10-15T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ужо фактычна вядомая дата правядзеньня выбараў у мясцовыя Саветы – 2 сакавіка 2003 году. Па той інфармацыі, якую грамадзкасьць атрымлівае з паведамленьняў у СМІ, не вынікае, што беларускія афіцыйныя ўлады зьбіраюцца рабіць зьмены ў Выбарчым кодэксе, улічваць рэкамендацыі як місіі БДІПЧ АБСЕ, так і Асацыяцыі арганізатараў выбараў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, што былі зробленыя пасьля мінулых прэзідэнцкіх выбараў. У рэкамендацыях БДІПЧ АБСЕ адназначна сказана, што выбарчы працэс у Беларусі нельга назваць адкрытым, празрыстым і галосным згодна з міжнароднымі нормамі. Падобныя высновы зробленыя і ААВЦУЕ. Дарэчы, не так даўно, у канцы верасьня, спадарыня Ярмошына брала ўдзел у канферэнцыі ААВЦУЕ у Маскве, дзе была падпісаная Дэкларацыя аб прынцыпах і стандартах правядзеньня выбараў. Беларусь, як сябра гэтай уплывовай Асацыяцыі, таксама падпісала дадзеную Дэкларацыю, але на справе ніякіх дэмакратычных зьменаў у выбарчым заканадаўстве не прадбачыцца.

У дадзенай сітуацыі палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі бяруць на сябе абавязак рабіць неабходныя захады дзеля дэмакратызацыі выбарчага працэсу ў нашай краіне. ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, які браў актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назіраньня падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 году і наўпрост сутыкныўся з праблемамі недасканаласьці выбарчага заканадаўства, намераны напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы правесьці кампанію па выпрацоўцы прапановаў, якія б зрабілі больш дэмакратычным і празрыстым выбарчы працэс. Кіраўнік гэтай праграмы – юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
 У чым заключаецца асноўная мэта правядзеньня гэтай кампаніі?
 Мы плануем выпрацаваць прапановы па ўнясеньню зьменаў у выбарчае заканадаўства. Над гэтымі прапановамі зараз працуе група юрыстаў, эксьпертамі выступяць вядомыя юрысты, такія як Валеры Фадзееў, Міхаіл Пастухоў. Далей яны будуць накіраваныя ў парламент і іншыя органы, якія маюць права заканадаўчай ініцыятывы. Усе гэтыя прапановы мы будзем рабіць у адпаведансьці з рэзалюцыямі і рэкамендацыямі АБСЕ, з улікам аналізу выбарчага заканадаўства ў краінах СНД і краінах з пераходнай дэмакратыяй.
 Што маецца на ўвазе пад зьменамі?
 Натуральна, мы не будзем патрабаваць, каб была зьмененая сістэма выбараў з мажарытарнай на прадстаўнічую ці зьмяшаную – на дадзены момант гэта занадта складана і вымагае шмат часу. Зьмены будуць тычыцца больш падрабязнага распісаньня працэсу саміх выбараў – галасаваньня, захоўваньня выбарчых скрыняў, захоўваньня бюлетэняў, абсталяваньня выбарчых участкаў, абароны бюллетэняў, падрабязнага распісаньня працэдуры падліку галасоў, правоў назіральнікаў і самае галоўнае – канкрэтызаваньня парадку фармаваньня выбарчых камісіяў. Як паказаў досьвед прэзідэнцкіх выбараў, гэта сапраўды самая важная праблема. У кодэксе напісана, што прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў і партыяў маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, але, на жаль, статыстыка паказавае, што выбарчыя камісіі фармуюцца мясцовымі адміністрацыямі без уліку прадстаўнікоў палітычных партыяў. Гэта стварае сітуацыю, у якой грамадзтва не мае магчымасьці кантраляваць выбарчы працэс. Мы хочам прапанаваць, каб было зроблена як у суседніх краінах, у заканадаўствах якіх канкрэтна напісаны працэнт альбо колькасьць прадстаўнікоў партыяў у складзе камісіі.

Шмат нараканьняў ёсьць на папярэдняе галасаваньне, але мы ня будзем ставіць пытаньне аб ягонай адмене, таму што рэальна бачым – на такія крокі ўлады ня пойдуць. Яшчэ раз падкрэсьліваю, мы не будзем настойваць на каардынальных зьменах -- мы за ўдасканаленьне тых палажэньняў, якія ёсьць на сёньня.

У лістападзе мы плануем правесьці “круглы стол” з удзелам усіх зацікаўленых асобаў, будзем запрашаць дэпутатаў Нацыянальнага сходу, ЦВК. У сьнежні будзе праведзеная міжнародная канферэцыя, на якую будуць запрошаныя эксьперты як з Беларусі, так і з іншых краінаў, якія займаюцца выбарчым правам, праблемамі выбараў, назіраньнем у сваіх краінах, а таксама ў міжнародных місіях. Мы дасылаем ім беларускае заканадаўства, што тычыцца мясцовых выбараў, дзеля таго, каб яны зрабілі ацэнку існуючых палажэньняў выбарчага заканадаўства, ацэнку нашых прапановаў. Будзе ўлічаны вопыт іншых краінаў, асабліва цікавы для нас вопыт краінаў з пераходнай дэмакратыяй, у якіх актуальныя гэтыя праблемы. Мы лічым карысным і цікавым іх вопыт у вырашэньні падобных праблем.

Назіраньне за выбарамі – адзін з прыярытэтных асьпектаў дзейнасьці нашага Праваабарончага цэнтру. У нас ёсьць вопыт назіраньня за парламенцкімі і прэзідэнцкімі выбарамі, які даў нам магчымасьць убачыць недахопы і праблемы, што існуюць у дзеючым заканадаўстве і перашкаджаюць праводзіць сапраўды свабодныя і дэмакратычныя выбары. У дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства павінны быць зацікаўленыя і прадстаўнікі афіцыйных уладаў, таму што ад гэтага залежыць прызнаньне ці не прызнаньне выбараў міжнароднай супольнасьцю.

 Ці ёсьць у вас вопыт у галіне міжнароднага назіраньня за выбарамі?
 Наша арганізацыя вывучае міжнародны вопыт і выбарчае заканадаўства розных краінаў. Я сам удзельнічаў у назіраньні за некалькімі выбарамі – у Славакіі ў 1998 годзе, Косава у 2001 годзе і літаральна нядаўна – у прэзідэнцкіх выбарах у Сербіі. Магу сказаць, што ў большасьці з гэтых краінаў пасьпяхова вырашаюцца праблемы, зьвязаныя з выбарчым заканадаўствам. Пасьля зьмены рэжыму Мілошавіча ў Сербіі адмовіліся ад некаторых рэчаў, якія прысутнічалі раней, як, напрыклад, галасаваньня на даму. Гэта адбылося з-за небясьпекі фальсіфікацыі вынікаў галасаваньня, хаця сама працэдура была распрацаваная добра – бюлетэнь укладаўся ў канверт, потым у яшчэ адзін канверт, на якім распісваўся член камісіі, які прыходзіў на дом да выбаршчыка. Тым ня менш, ад гэтага адмовіліся.
Адмовіліся і ад галасаваньня за мяжой. Для Беларусі, магчыма, гэтая норма не асабліва важная, бо ў нас не так шмат грамадзянаў, якія галасуюць за мяжой, а ў Сербіі гэтая лічба складае каля двух мільёнаў грамадзянаў. Паколькі амбасада зьяўляецца прадстаўніцтвам дзяржавы, не выключаная магчымасьць фальсіфікацыі вынікаў. Папярэдняга галасаваньня ў Сербіі няма. У Славакіі ж такая форма прадугледжаная, але таксама не так, як у нас – там чалавек, які не можа прагаласаваць па месцы жыхарства ў дзень выбараў, бярэ адмацаваньне, як калісьці было і ў нас, і можа прагаласаваць у дзень выбараў на іншым выбарчым участку.

У некаторых краінах уведзеныя новыя палажэньні, якія ўскладняюць магчымыя фальсіфікацыі: выкарыстаньне спрэю з нябачнымі чарніламі, якімі выбаршчыку пырскаюць на руку. Перад уваходам на ўчастак сьпецыяльнай лямпай з ультрасьвятлом правяраюць на наяўнасьць гэтага спрэю.

У Сербіі і Косава мяне моцна зьдзівіла тое, што на выбарах выкарыстоўваюцца абсалютна празрыстыя пластыкавыя скрыні, у якіх бачна, як ляжаць бюлетэні. Гэта не парушае прынцып таемнасьці галасаваньня, бо бюлетэні складаюцца адпаведным чынам і не бачна, хто за каго галасаваў. У кожнай камісіі індывідуальная пячатка, што таксама вельмі важна. У нас жа ўсе камісіі маюць адну і тую ж пячатку -- раённай адміністрацыі. Не выкарыстоўваецца пласьцілін для апячатваньня скрыні. У Сербіі дзеля гэтага ёсьць маленькія пячаткі з сургуча, і вельмі складана адчыніць скрыню, каб не пашкодзіць іх. У Косава ўвогуле не было пячатак, замест іх выкарыстоўваліся пломбы ў выглядзе пластыкавай стужкі, якая зацягвалася як пяцелька і на якой знаходзілася бірачка з нумарам. Такую пломбу таксама немагчыма зьняць.
Гэта танна, але забясьпечвае кантроль над выбарчым працэсам.

Яшчэ адзін з галоўных аксьпектаў -- у Сербіі камісіі складаюцца з прадстаўнікоў палітычных партыяў. Натуральна, ніхто не дазволіць фальсіфікаваць вынікі выбараў на карысьць нейкай партыі, калі ў камісіі прадстаўнікі іншай партыі супрацьлеглай арыентацыі. У такіх умовах выбары праходзяць справядліва і свабодна, і назіральнікі могуць нармальна прысутнічаць пры падліку галасоў, а ня так, як у нас на прэзідэнцкіх выбарах назіральнікаў садзілі так, што яны ня бачылі, што адбываецца пры падліку, хто і як тусуе бюлетэні. Назіральнікі ня ўмешваюцца ў працэс выбараў, але маюць доступ да любой інфармацыі на ўсіх этапах.

Бюлетэні абароненыя, маюць вадзяныя знакі ў адрозьненьні ад нашых, якія можна зрабіць на ксераксе. Таму мне здаецца, што трэба перагледзець і абсталяваньне нашых участкаў, бо сфальсіфікаваныя выбары вельмі дорага потым каштуюць. Сэканоміць на гэтым – далучыцца да магчымага парушэньня асноўнага прынцыпу дэмакратыі – пераемнасьці ўлады.
 Якіх вынікаў можна чакаць?
 Задача максімум – гэта дамагчыся ўнясеньня зьменаў. Можна выбары праводзіць ці ўвогуле не праводзіць, вырашаць – прымаць у іх удзел ці не прымаць, але калі самыя галоўныя праблемы заканадаўства ня будуць перагледжаныя – наўрад ці нешта зьменіцца. Праграма мінімум – прыцягненьне ўвагі грамадзтва да гэтай праблемы – праз СМІ, “круглыя сталы”, канферэнцыю. Мы таксама будзем запрашаць партыі да ўдзелу ў гэтых мерапрыемствах, паколькі яны перш за ўсё з’яўляюцца непасрэдным суб’ектам выбараў, удзельнікамі палітычнага працэсу ў краіне. Мы таксама спадзяемся, што і ўлады пойдуць з намі на кантакт. А калі яны адмовяцца і ня зробяць крок наперад, няхай потым не зьдзіўляюцца, што выбары ў чарговы раз ня будуць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю дэмакратычнымі. Мы ж, як грамадзяне нашай краіны, зацікаўленыя, каб выбары ў Беларусі адпавядалі міжнародным нормам і стандартам, каб наш народ сапраўды меў магчымасьць зрабіць свой выбар.

Падрыхтавала Т. Рэвяка

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства