Еўрапейскія навукоўцы пратэстуюць супраць закрыцьця ЕГУ (Радыё Свабода)
Закрыцьцё ЭГУ – у цэнтры ўвагі эўрапейскіх СМІ і эўрапейскай грамадзкасьці. Сёньняшні аўстрыйскі друк піша пра заклапочанасьць беларускай сытуацыяй з боку эўрапейскіх структураў і ЗША, у нямецкіх выданьнях публікуюцца пратэсты навукоўцаў і грамадзкіх дзеячаў супраць падаўленьня лібэральнай думкі ў Беларусі.
Як піша аўстрыйская “Ды Прэсэ”, Эўрапейскі ўнівэрсытэт, які фінансава падтрымліваецца эўрапейскімі структурамі й мае шматлікіх партнэраў сярод заходніх унівэрсытэтаў, штогод выпускае не адну сотню кваліфікаваных адмыслоўцаў у галіне міжнароднага права, паліталёгіі, культуралёгіі... У адрозьненьне ад дзяржаўных беларускіх унівэрсытэтаў, дзе ў якасьці абавязковай дысцыпліны насаджаецца дзяржаўная ідэялёгія, Эўрапейскі ўнівэрсытэт даваў студэнтам магчымасьць стажыравацца ці працягваць сваю адукацыю за мяжой. Як піша аўстрыйскае выданьне, эўрапейскія структуры й ЗША выказваюць сваю заклапочанасьць ў зьвязку з падаўленьнем навучальнай свабоды ў Беларусі.
Паводле намесьніка кіраўніка місіі ЗША пры АБСЭ Пола Джонса, словы якога прыводзяць шэраг аўстрыйскіх мэдыяў, ЗША ўсё ж спадзяюцца на тое, што беларускія ўлады тэрмінова спыняць свае напады на ўнівэрсытэт і пачнуць выконваць абавязацельствы АБСЭ ў галіне адукацыйных і культурніцкіх правоў.
Шэраг нямецкіх мэдыяў надрукаваў зварот вядомых навукоўцаў з унівэрсытэтаў Варшавы, Парыжа, Брусэля, Бэрліна да сваіх урадаў, у якім яны просяць выкарыстаць усе магчымыя сродкі, каб пераканаць Менск у памылковасьці ягонага рашэньня наконт ЭГУ. Паводле аўтараў звароту, у закрыцьці ЭГУ бачыцца сымптом спробаў рэглямэнтацыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі, з чым ніяк ня можа пагадзіцца Эўропа. “ЭГУ змагаецца за сваё выжываньне, і мы просім нашыя паважаныя ўрады падтрымаць гэтую установу”, піша эўрапейская прафэсура.
Прафэсар унівэрсытэту ў Канстанцы Райнэр Лінднэр, які спэцыялізуецца на беларускай гісторыі, зазначае ў інтэрвію “Дойчэ Вэле”, што цяпер будучыня лібэралізму й лібэральнай думкі у Беларусі выглядае як ніколі праблематычнай, бо сытуацыя хутчэй нагадвае тую, што назіралася ў краіне ў сталінскія часы. Паводле Райнэра Лінднэра, ён, як і ўсе астатнія нямецкія экспэрты, мае ўражаньне, што людзі, якія самі ніколі не вучыліся ва ўнівэрсытэце, якія не разумеюць, што такое свабодная думка, наўрад ці нават могуць ацаніць значэньне ўнівэрсальнай адукацыі. “Усё гэта робіць надзвычай сумнае ўражаньне”, лічыць навуковец.
Шэраг вядомых нямецкіх экспэртаў у справах Усходняй Эўропы на чале з Гансам-Георгам Вікам у лісьце да міністра Фішэра прапануюць стварыць адмысловы рабочы штаб па захаваньні ЭГУ, які б распрацаваў пэўны мэханізм далейшай дзейнасьці гэтае ўстановы.