Міжнародная канферэнцыя “РЭЛІГІЯ І ДЭМАКРАТЫЯ” канстатавала, што прыняццё Закона аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях не адпавядае інтарэсам канфесіяў і пагражае масавымі парушэннямі правоў вернікаў.
6 і 7 жніўня ў Раўбічах, што пад Мінскам, адбылася міжнародная канферэнцыя “РЭЛІГІЯ І ДЭМАКРАТЫЯ”, арганізаваная Грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр па правах чалавека”.
Асноўнай тэмай абмеркаваньня рэлігійных дзеячоў, адмыслоўцаў-правазнаўцаў і праваабаронцаў, прадстаўнікоў выканаўчай улады і членаў Савета Рэспублікі быў праект закону "Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях", які быў прыняты Палатай Прадстаўнікоў і зараз чакае канчатковага прыняцьця ў Савеце Рэспублікі — верхняй палаце Нацыянальнага сходу.
Пераважная большасць дакладчыкаў у сваіх прамовах адзначалі, што закон быў распрацаваны келейна, у стане сакрэтнасці, таму ён і не ўлічвае інтарэсаў шматканфесійнага беларускага народа, стварае небяспеку парушэння правоў вернікаў і рэлігійных арганізацыяў, распальвання рэлігійнай варожасці і ксенафобіі. Асаблівую ўвагу ўдзельнікаў прыцягнула прэамбула да прапанаванага закона, якая падзяляе кафесіі на вызначальныя, традыцыйныя, гістарычна існуючыя і ўсе астатнія. На думку большасці ўдзельнікаў, тымсамым парушаецца прынцып роўнасці веравызнанняў, прынцып аддзялення царквы ад дзяржавы і міжнародныя абавязацельства, прынятыя на сабе Рэспублікай Беларусь.
Прысутны на сустрэчы прадстаўнік Камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў пры Савеце міністраў А. Калінаў выказаў афіцыйную пазіцыю беларускай адміністрацыі і адказаў на пытанні прысутных. Па ягоных словах, мэтай прыняцця зменаў і дапаўненняў у заканадаўства аб веравызнанні сталася памкненне абмежаваць распаўсюджане ў краіне “дэструктыўных сэктаў” і “таталітарных нэакультаў”. Аднак большасць прысутных засталася незадаволеная тлумачэннямі чыноўніка.
Прысутныя на канферэнцыі выказалі пажаданне стварыць сталадзеючы міжканфесійны орган, які б ад імя розных канфесіяў вёў дыялог з уладай, у тым ліку і па пытанні зменаў у заканадаўства аб веравызнанні.
Выніковым дакументам канферэнцыі сталася рэзалюцыя, якая адлюстроўвае кансалідаваную пазіцыю пераважнай часткі рэлігійных колаў краіны адносна перспектываў дзяржаўна-царкоўнай палітыкі ў краіне.