viasna on patreon

Два з паловай году абмежаваньня волі — такое пакараньне вынес Кастрычніцкі суд Менску Аксане Новікавай, прызнаўшы яе вінаватай у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку

2004 2004-06-10T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аксана Новікава не разьлічвала на іншы прысуд. Адразу пасьля таго, як ён быў зачытаны, у судовай залі Кастрычніцкага суду яна паведаміла Радыё Свабода: “Улічваючы той фарс, які ўчора быў названы судом, гэты прысуд па сутнасьці мяне ніколькі не зьдзівіў. Ён ня мог быць апраўдальным, а толькі абвінавачвальным. Прэзумпцыя невінаватасьці распаўсюджваецца толькі на Лукашэнку, а ўсе астатнія вінаватыя ўжо па сутнасьці. Што б яны ні гаварылі, як бы ні пацьвярджалі свае словы, яны ўсё роўна вінаватыя. У гэтым судзе ня вырашанае пытаньне наконт маёй маленькай дачкі. Што зь ёй рабіць? Ёй усяго тры гады. Калі я паеду на так званую “хімію”, то мне прыйдзеца браць яе з сабой. Мне няма на каго яе пакінуць. Яна яшчэ не ходзіць у дзіцячы садок. Гэтае пытаньне мусіў вырашыць суд”.

Аксана Новікава мае дачку Рэату, якой нядаўна споўнілася тры гады, і чакае дзіця. Яе пакаралі другі раз запар за паклёп на Аляксандра Лукашэнку.

Летась Цэнтральны суд Менску пакараў Аксану пазбаўленьнем волі на два гады. Нагодаю для крымінальнай справы сталі ўлёткі, зробленыя на ўзор міліцэйскіх абвестак пра вышук небясьпечнага злачынцы. Пад фатаздымкам Аляксандра Лукашэнкі быў надрукаваны сьпіс артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія, на думку аўтара, ён парушыў. Тады суд улічыў, што Аксана адна выхоўвае маленькае дзіця і даў адтэрміноўку выкананьня пакараньня. Сёлета ў лютым да маладой маці ўжылі амністыю, а ў красавіку распачалі новую крымінальную справу за распаўсюд аналягічных улётак.

У судзе Аксана прасіла, каб дзяржаўны абвінаваўца аргумэнтаваў сваю пазыцыю. Яна прасіла выклікаць у суд генэральнага пракурора Віктара Шэймана, былога пракурора рэспублікі Алега Бажэлку, міністра МУС Уладзімера Навумава, экс-міністра Юрыя Сівакова, Зьмітра Паўлічэнку, Івана Ціцянкова, а таксама Хрыстаса Пургурыдэса, Анатоля Лябедзьку, Аляксандра Дабравольскага і прадстаўнікоў “Газпрому”, каб тыя патлумачылі датычнасьць Аляксандра Лукашэнкі да тых злачынстваў, якія Аксана пералічыла ва ўлётцы. Апроч таго, яна папрасіла выклікаць у суд самога пацярпелага — Аляксандра Лукашэнку. Судзьдзя адхіліла ўсе хадайніцтвы. Яна патлумачыла, што судзяць не Аляксандра Лукашэнку, а Аксану Новікаву.

Прадстаўнік пракуратуры Дыяна Глушкова на зьмест улёткі не зьвярнула ўвагі і спаслалася на прэзумпцыю невінаватасьці: маўляў, нельга называць чалавека злачынцам, пакуль няма прысуду. Гэта быў адзіны аргумэнт.

Адвакат Аксаны Новікавай Павал Сапелка найбліжэйшым часам падасьць скаргу ў гарадзкі суд: “Абвінавачаньне не паклапацілася сабраць доказы таго, што ва ўлётках, якія распаўсюджвала Аксана Новікава, быў нейкі паклёп на прэзыдэнта рэспублікі. Я лічу, што прысуд цалкам не адпавядае закону. Тое, што суд не дапытаў тых сьведкаў, якіх мы прывялі з сабой у судовую залю, ёсьць грубым парушэньнем працэсуальных нормаў. Натуральна, гэты прысуд мы будзем абскарджваць у вышэйшых інстанцыях”.

Радыё Свабода

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства