7-га чэрвеня суд Першамайскага раёна (суддзя Ананіч) адхіліў ў поўным аб'ёме зыск старшыні БХК Таццяны Процькі і яе мужа Дзмітрыя Козыра да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і тэлежурналіста Юрыя Пракопава (БАЖ)
Зыскоўцы патрабавалі кампенсацыі маральных стратаў за тое, што тэлевізійшчыкі парушылі таямніцу іх прыватнага жыцця.
Падставай для зыску, нагадаем, стаў сюжэт у тэлепраграме "В центре внимания", прадэманстраваны па Першым нацыянальным тэлеканале ўвечары 29-га лютага і паўтораны раніцай 1-га сакавіка г.г. У матэрыяле, аўтарам якога выступаў Юры Пракопаў, вялася гаворка пра прыбыткі і маёмасць некаторых прадстаўнікоў беларускіх палітычных партый і грамадскіх арганізацый - у тым ліку кіраўніцы Беларускага Хельсінкскага камітэта Таццяны Процькі і яе мужа, кіраўніка фермерскай гаспадаркі "Забалацце" Смалявіцкага раёна Дзмітрыя Козыра. У прыватнасці, у сюжэце быў прадэманстраваны дом і аўтамабілі, якія нібыта належаць гэтай сям'і, а ў аўтарскім тэксце названая буйная сума грошай, нібыта эквівалентная месячнаму заробку старшыні БХК.
Зыскоўцы патрабавалі з адказнікаў выплаціць ім па 35 млн. рублёў за парушэнне таямніцы іх прыватнага жыцця. У судзе яны прадставілі шэраг дакументаў, які даказвалі, што здымачная група БТ знаходзілася на тэрыторыі прыватнай гаспадаркі без дазволу яе ўладальнікаў. Акрамя гэтага, зыскоўцы падалі дакументальныя доказы пагаршэння стану ўласнага здароўя і здароўя сваіх блізкіх пасля выхаду ў эфір згаданай праграмы. Усе гэтыя дакументы былі далучаныя судом да справы, але ніяк не паўплывалі на яго рашэнне.
"У практыцы БХК гэта не першы выпадак, калі суд нібыта ідзе ў адпаведнасці з усімі нормамі судавытворчасці, а рашэнне выносіцца насуперак усяму ходу судовага разгляду, - кажа Т. Процька. - У судзе адказнікі адкрыта здзекваліся з нас, бо былі ўпэўненыя, што ім нічога не пагражае. Я зыпытала ў Юрыя Пракопава, рыхтуе ён такія сюжэты паводле ўласнага пераканання альбо выконвае чыюсьці замову? Ён сказаў, што гэта - палітыка Белтэлрадыёкампаніі. Атрымліваецца, што суд таксама падтрымлівае і абслугоўвае гэтую палітыку...
"Вынесшы гэткае рашэнне, суд фактычна прызнаў, што агучаныя ў праграме звесткі не з'яўляліся таямніцай прыватнага жыцця. Такім чынам, і памеры заробку, і наяўнасць маёмасці - гэта больш не таямніца, а інфармацыя агульнага карыстання! - рэзюмуе намеснік кіраўніка БХК Гары Паганяйла, які рэпрэзентаваў інтарэсы Т. Процькі ў судзе. - Для нас зразумела, што сёння, калі грамадзянін Беларусі ўступае ў канфлікт з прадстаўніком улады, разлічваць на рэальную абарону сваіх правоў яму не даводзіцца, нягледзячы на тое, што гэтае права гарантавана яму Канстытуцыяй".
Тым не менш, зыскоўцы збіраюцца абскарджваць рашэнне Першамайскага райсуда ў судовую калегію.