На Берасьцейшчыне ўлады адмаўляюцца рэгістраваць мясцовыя суполкі палітычных партыяў
Гэта можа прывесьці да таго, што падчас сёлетняй выбарчай кампаніі апазыцыйным партыям ня будзе дазволена вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты.
Зьвесткі пра тое, што суполкі палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яданьняў ня могуць зарэгістравацца альбо стаць на ўлік у мясцовых структурах улады, прыходзяць з розных раёнаў Берасьцейскай вобласьці, -- паведамляе Радыё Свабода. Вось што паведаміў кіраўнік абласной арганізацый Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Анатоль Ляўковіч: “Рэжым, ці як я яго называю “карпарацыя” вэртыкалі ўлады, рыхтуецца да правядзеньня выбарчай кампаніі нават не паводле выбарчага кодэксу, а менавіта паводле свайго пляну. Робіцца ўсё, каб удзелу ў выбарах ня здолелі прыняць прадстаўнікі апазыцыйных партыяў. Напрыклад, у Жабінкоўскім, Івацэвіцкім ды іншых раёнах нам адмаўляюць у рэгістрацыі першасных арганізацыяў на тых акругах, дзе плянуецца вылучэньне нашых кандыдатаў. Але згодна з выбарчым кодэксам, калі ў акрузе не зарэгістраваная арганізацыя, дык партыя ня мае права вылучаць свайго кандыдата. Адна з прычын, паводле якой адмаўляюць у рэгістрацыі — гэта адсутнасьць юрыдычнага адрасу. Калі раней дазвалялі рэгістраваць арганізацыі на кватэрах, дык цяпер і ў гэтым адмаўляюць”.
Паводле новых патрабаваньняў, рэгістраваць партыйную суполку ў жылым памяшканьні дазволена толькі ў будынках, дзе ёсьць ня больш за адну кватэру. Але і ў гэтым выпадку пытаньне пра юрыдычны адрас мусіць быць узгодненае зь мясцовымі ўладамі.
Начальнік упраўленьня юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму Сяргей Кулак цьвердзіць, што правілы рэгістрацыі суполак палітычных партыяў уведзеныя яшчэ ў 2000 годзе і апошнім часам не зьмяніліся. Спадар Кулак ня бачыць ніякай сувязі паміж цяжкасьцямі з рэгістрацыяй партыйных суполак і маючымі адбыцца выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, а таксама заяўляе пра адсутнасьць праблемаў у дачыненьнях абласнога ўпраўленьня юстыцыі з прадстаўнікамі палітычных партыяў.
Між тым, пра цяжкасьці з рэгістрацыяй мясцовых суполак паведамляюць ня толькі берасьцейскія сацыял-дэмакраты, але і прадстаўнікі Партыі БНФ і некаторых грамадзкіх аб’яднаньняў.