Калектыў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа правёў сход ля брамы зачыненага будынка ліцэю. З 1 чэрвеня бацькі ліцэістаў штодня будуць стаяць у пікеце ля брамы, а з 15 чэрвеня да іх далучацца навучэнцы (Радыё Свабода)
Пасьля выпускнога балю раніцай выкладчыкі, ліцэісты і іх бацькі сабраліся на вуліцы Кірава ля брамы ліцэю. У двор ніхто не пайшоў. Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас выказаў усім падзяку.
Навучэнец трэцяга курсу Франак Вячорка — старшыня вучнёўскай рады распавёў, што мяркуецца, каб штодня пяць-сем чалавек дзяжурыла каля ліцэю, і калі зноў будуць нейкія дзеяньні ў разбурэньні будынку, то клікалі ўсіх астатніх, каб ладзіць акцыі і пратэставаць. Ён таксама сказаў, што ліцэісты не губляюць надзеі і спадзяюца калі-небудзь вярнуцца сюды і праводзіць заняткі.
Ліцэісты далучацца да акцыі бацькоў з 15 чэрвеня, калі здадуць усе экзамэны. Навучэнцы цягам двух месяцаў будуць ладзіць іншыя акцыі ў падтрымку ліцэю. Яны разьлічваюць, што грамадзкасьць паўплывае на ўлады, каб спыніць перасьлед унікальнай навучальнай установы.
У двары ліцэю і на вуліцы Кірава было некалькі дзясяткаў міліцыянтаў у форме і ў цывільным. Яны не разганялі ліцэйскага сходу, а толькі назіралі за прысутнымі.
Выкладчыкі падсумавалі вынікі здачы навучэнцамі экстэрнату. Яны прыйшлі да высновы, што ў школах дзеці атрымалі адзнакі вышэйшыя за тыя, якія ім паставілі ў часе ўнутраных ліцэйскіх экзамэнаў. Цяпер у ліцэі ідуць уступныя экзамэны. Нягледзячы на экстрэмальную сытуацыю, многія бацькі выказалі жаданьне аддаць сваіх дзяцей вучыцца на першы курс.