Сарваны выхад інфармацыйна-аналітычнага бюлетэню Фонда імя Сапегі
11-га траўня ў Гродне група супрацоўнікаў КДБ сканфіскавала аргтэхніку, якая належала мясцовым сябрам грамадскага аб'яднання "Фонд імя Льва Сапегі", сарваўшы выхад 15-га нумару інфармацыйна-аналітычнага бюлетэня "Свой Лад".
Як паведаміў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" кіраўнік гарадзенскага аддзялення фонду Уладзімір Хільмановіч, ператрус адбыўся не па юрыдычным адрасе арганізацыі, а ў прыватнай кватэры падчас адсутнасці гаспадароў. Супрацоўнікі КДБ сканфіскавалі начынне двух кампутараў і ксеракс, на якіх рыхтаваўся бюлетэнь "Свой Лад". (Выданне выходзіць з 2002 г. накладам 299 асобнікаў). Акрамя гэтага, супрацоўнікі КДБ забралі кнігу Алеся Чобата "Зямля св. Лукі".
Афіцыйная падстава для правядзення ператрусу была тая ж, што і ў офісе ТБМ: пошукі матэрыялаў, якія маглі б мець дачыненне да ўлёткі з "антыпрэзідэнцкім" вершам, якая з'явілася ў Гродне 29-га красавіка. Аднак У. Хільмановіч лічыць гэтую нагоду фармальнай: на яго думку, супрацоўнікі КДБ мелі на мэце перашкодзіць працы недзяржаўнай арганізацыі.